Жыровічы – святло зямлі беларускай



У выдавецтве Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы выйшаў зборнік матэрыялаў міжнароднай навуковай канферэнцыі “Святло зямлі беларускай”, прысвечаны 500-годдзю з’яўлення цудатворнага Жыровіцкага абраза Божай Маці і 500-годдзю заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Канферэнцыя адбылася ў Гарадзенскім універсітэце ў канцы кастрычніка мінулага года. Зборнік складаецца з цікавых навуковых дакладаў, з якіх чытачы даведаюцца пра Жыровіцкі Успенскі манастыр у 1944-1954 гадах, пра Жыровіцкі манастыр у гістарычных творах XV-XVI стагоддзях, пра праваслаўныя капліцы, пабудаваныя ў гонар царскіх асобаў на тэрыторыі Гарадзенскай і Віленскай губерняў у XIX стагоддзі і пра шмат што іншае.

Аматары гісторыі Жыровіцкага манастыра са зборніка “Святло зямлі беларускай” даведаюцца таксама пра аднаўленне манаскага жыцця ва Успенскім Жыровіцкім манастыры ў 1844-1845 гадах і пра тое, як праяўляўся феномен урадавай іерархіі дыяканскай ступені на беларускіх землях у XV-XVI стагоддзях.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя