Жыццё і прыгоды “неадэкватнага” Пётры Цімафеева



У Лідзе апошнім месяцам прайшла першая персанальная выстава вядомага ўжо ў краіне мастака, 49-гадовага Пятра Цімафеева. Яна і напярэдадні набыла гучны і крыху скандальны рэзананс. Дырэктарка музея Ганна Драп спрабавала забараніць яе за выявы голага Хрыста (а што, яго прыкалочвалі ў віц-мундзіры?!- адказваў мастак ) і за бел-чырвона-белыя сцягі на графічных партрэтах Васіля Быкава і Генадзя Бураўкіна. А таксама за выяву Пагоні перад уваходам. На свяце горада Пётра ўступіў у дыскусію з мэрам Ліды Астроўскім. Яму ўдалося пераканаць апошняга, што яго працы не належаць, як напісана ў паперах абласнога аддзела культуры, да “палітычных альбо парнаграфічных тэмаў”.

Пётра ў сваім жыцці прайшоў праз многае. Праз бандыцкі „Парыж” у юнацтве – так называлася ў мінулым стагоддзі ўплывовая маладзёвая групоўка. Праз рух хіппі – адсюль у яго непазбыўная прага рок-н-рола штодзень і серыя партрэтаў вядомых сусветных рок-музыкаў. Цяпер стаў палкім прыхільнікам беларушчыны. Яго дачка стала першай у Лідзе, якой зрабілі шлюбную цырымонію ў касцёле па-беларуску. Дамовіўся аб прывозе асобнікаў Бібліі на мове. Сёлета напісаў карціну, прысвечаную Ларысе Геніюш. А таксама былі выстаўленыя партрэты ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, які ачольваў мясцовы рух супраць бальшавізма, Кастуся Акулы, Яўгена Куліка, Зянона Пазьняка. Валодае пісьмом алоўкамі, алеем, вуглём, робіць аплікацыі з метала. Калекцыянуе нажы і лязо. Яго ідэал Пікасо – як сымвал свабоды ад стэрэатыпаў і канонаў. А ва ўласнай кавярні з жонкай зладзілі Дзень беларускай мовы – маўляў, хто закажа па-беларуску, дык зніжкі на 50%, хто прачытае верш на мове – бясплатны кубак кавы.

Зараз – яго расповеды ды ўспаміны пра жыццё і актуальныя тэматы, светапогляд і жыццёвыя мары. Пачалі ж з выставы, чым жыве Пётра Цімафеееў дагэтуль.

Пётра: Калі дамаўляліся наконт выставы, мне далі падпісаць паперу, што не будзе Пагоні ля ўваходу і бел-чырвона-белых сцягоў на карцінах. Пры гэтым навучаныя “мысліць дзёрзка” майстры з аддзела культуры 50% аголенага цела вызначылі як “мяжу з парнаграфіяй”. Увогуле, было забаронена 8 карцін. Наконт паўголай “Жанчыны з дзіцём” мне выставілі “версію” інцэста. Знялі працы, дзе не цела, а яго часткі – губы, языкі. “Прысвячэнне Сапфо” знялі з-за звязанай з ёй выспай Лесбас. Калі запытаў, ці ведаюць яны гэту старажытную паэтку і грамадскага дзеяча Грэцыі – паціснулі плячыма…

РР: Ты намаляваў партрэты Анатоля Сыса, Уладзіміра Караткевіча, Генадзя Бураўкіна, Васіля Быкава. Апошні, дарэч з бел-чырвона-белым сцягам…

Пётра: Таму яго не было на выставе – падораны музейнаму доміку Таўлая. Але мэр Ліды ў часе размовы паставіўся да нацыянальных сімвалаў як мае быць, зазначыўшы, што яны былі і дзяржаўнымі.

РР: Чаму “Певень на ланцугу” лічыцца тваёй найбольш скандальнай карцінай?

Пётра: У 1972 годзе ў Гародні быў вялікі сэйшэн хіпі. Сотні іх прыехалі з Балтыі ды Масквы, з Піцерам. Да гэтага часу дзясяткі лічацца прапаўшымі без вестак. Разганялі маладзёнаў жорстка – з войскам, дубінкамі, хапалі і ўвозілі ў невядомым накірунку. Галоўным “прыколам” стаў той самы рэальны французскі певень на ланцугу, што ўзначальваў шэсце хіпі па цэнтральным пляцы горада. А вось сучасная праява сітуацыі. Карціну забараніла дырэктарка музея, даведаўшыся, што “доўгавалосыя” выступалі не толькі супраць вайны, але і супраць інстытута дзяржавы. Аргументацыя шакавала – “мне прэзідэнт даверыў музей не для таго, каб выстаўлялі нейкіх апазіцыянераў!” Кажу, Ганна Іванаўна, Аляксандру Рыгоравічу ў тыя часы было толькі 18! А-а, ўсё! Між іншым, на тым хіп-парадзе была і юная Ядзвіга Паплаўская…

РР: Ты “парыжанін” – так называлася адна з самых гучных маладзёвых груповак тых часоў у Лідзе. Адны назовы чаго каштуюць – “Ісусы”, “Лондан”, “Цэнтр”, “Слабада”…

Пётра: Так, горад быў падзелены моладзю на раёны і аўтаматычна на групоўкі. Ніякай палітыкі – змагаліся за ўплыў у горадзе. Па-просту біліся сценка на сценку на танцах і дыскатэках. Пілі віно, хадзілі ў “клёшах” і з доўгімі валасамі. У мяне засталіся, праўда, фотаздымкі, дзе на гадавіну „Парыжа”, як раёна Ліды, на аўтавкзале павесіці сцягі Францыі. Іх здымала КДБ і міліцыя. Але і гэта быў усяго маладзёвы прыкол. І, канешне, усе слухалі заходнюю музыку…

РР: На выставе партрэты Джона Лорда, Джымі Пэйджа, Deep Purple, Rainbow, Black Sаbbаt. Даніна тым часам?

Пётра: Безумоўна! Я дагэтуль іншай музыкі не прызнаю. Памятую, як у 7 класе выкінулі ў продаж кайстрачкі з выявамі “Slade”, і я на каленях вымаліў у маці аж 7 (!) рублёў для яе пакупкі. Са школы ў той дзень выгналі за прапаганду “варожых рок-гуртоў”. (смяецца )

РР: Але як рок-фан са стажам прыйшоў да беларушчыны, карпатлівага вывучэння нацыянальна-гістарычнай спадчыны. Урэшце, стаў думаць і гаварыць па-беларуску?

Пётра: У школе я не толькі не размаўляў, але і не вывучаў мовы, як сын савецкага вайскоўца. Але ў мяне бацька хоць і з Магілёўшчыны, заўжды ў хаце гучала мяккая беларуская “трасянка”. У нас была апантаная беларушчынай настаўніца – Лілія Канстанцінаўна Бельчанка. Мой сябар Ігар Дамброўскі ведае пра гісторыю столькі, што, як мінімум, на роўных гутарыў бы з Зянонам Пазьняком. Праз сяброў даведаўся адкуль мы, беларусы, пайшлі, што і колькі страцілі. Дачку выправіў у беларускамоўны клас. Пасля мусіў гаварыць з ёй па-нашаму…

РР: У цябе з’явіўся і палітычны падтэкст у творчасці? Сёлета ж напісаў партрэт Ларысы Геніюш з характэрнай назвай “Кветкі пад канвоем”…

Пётра: Так. І гэта карціна была на выставе. Хоць напісаная, паводле маіх мастацкіх прыёмаў – голая жанчна сядзіць спіной у камеры, бачныя краты…

РР: Што тэхналагічна любіш ужываць для малявання?

Пётра: Алей, аловак, у тым ліку каляровы, тканіна. Апошнім часам люблю маляваць на ДВП…

РР: Мастацтва дае табе сродкі для жыцця?

Пётра: Дае, хоць і недастаткова. Нядаўна пазнаёміўся з адмыслоўцамі, адзін з якіх пілуе камяні, другі робіць рамы з натуральрнага дрэва. На іх фарбамі раблю краявіды на продаж. Такога, прынамсі, на Лідчыне яшчэ не было. Праект мае камерцыйны прыбытак. Раблю партрэты, абразы на заказ. Па старых фотаздымках малюю вулачкі Вільні, дзе жыў і вучыўся. Зараз захапіўся заходнеамерыканскімі індзейцамі, малюю іх і вывучаю. Яны вельмі падобныя да нас! І ў іх, і ў нас былі магутныя дзяржавы, адмысловыя веравызнанні, мова. Хіба што мы, беларусы, яшчэ не жывем у рэзервацыях. Асабліва прыкра, калі абразы гучаць з вуснаў людзей, што ходяць пад крыжом. Гулялі неяк з сям’ёй побач з праваслаўным храмам Архангела Міхаіла. Запытаў у шапіку, што побач, ці ёсць у іх Біблія па-беларуску. Высоўваецца злы твар манахіні – “едзь туды, дзе “размаўляюць”, тут руская царква!” Нарабіў вэрхалу. Прыбягае “начальніца” з прабачэннямі – маўляў, у нас жа падпарадкаванне Маскоўскаму патрыярхату. А жывеце ж на беларускай зямлі! Ці калі дачка бралася шлюбам, захацеў падараваць абраз Маці Боскай Вострабрамскай. У касцёле не знайшлося іконы ў добрым аздабленні. Зноў прыйшоў да праваслаўнага шапіка. Там яна была, але з надпісам па-расейску – “образ Матери Божией Остробрамской». Пытаюся, ці няма абраза бяз гэтага надпісу? Зноў высоўваецца “твар” – “как же, это наша русская икона”. Калі ж, кажу, Барбара Радзівіл, з якой яна пісалася, стала “русской”?!

РР: Ты спадзяешся дажыць да часоў, калі, сказаўшы “Жыве Беларусь!”, пачуеш у адказ…

Пётра: Жыве – навекі вечныя! Калісьці на БТ польскі святар пасля апошняга пытання сказаў Лукашэнку гэтыя словы. Той спакойна адказаў – “жыве і будзе жыць”. Я не з’яўляюся прыхільнікам нашага прэзідэнта, але вінаваціць ва ўсім яго нельга. Ён робіць тое, што мы яму дазваляем – на месцах! Да прыкладу, мэр Ліды не забараніў маю выставу, а дырэктарка музея кажа, што хіпі – гэта апазіцыя! Я часам маю стасункі з “вертыкальшчыкамі” – перакананы, што прыйдзе іншы, мо, дэмакратычнейшы прэзідэнт, яны бдуць служыць яму, як і гэтаму. Толькі зменяць сцягі ды рыторыку. Пры чым, па-беларуску здольныя размаўляць усе і зараз.

РР: Жыве Беларусь!

Пётра: Жыве навечна!

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.