Жыццё і ветразі Аркадзя Марціновіча



У Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілеўскага раёна прайшла гадзіна літаратурнага партрэта „Не шукай слядоў сваіх”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Аркадзя Марціновіча.

Бібліятэкар Юлія Яцкова расказала пра жыццё Аркадзя Марціновіча, якое пачалося 10 сакавіка 1920 года ў вёсцы Барбарова Глускага раёна Магілёўскай вобласці ў звычайнай сялянскай сям’і.  Аркадзь заўсёды імкнуўся да ведаў, шмат чытаў і марыў быць настаўнікам. У перадваенным часе мара здзейснілася, і малады выпускнік Менскага пегагічнага вучылішча працаваў настаўнікам на Меншчыне. А потым былі заснежаныя акопы фінляндскай вайны і крывавыя дарогі Вялікай Айчыннай — і ўсю гэту памяць пісьменнік Марціновіч пранёс па жыцці. І быў вялікі шлях у беларускую літаратуру, дзе непаўторныя творы Аркадзя Марціновіча і сёння прыцягваюць ўвагу удзячных беларускіх чытачоў.

Падрыхтаваная кніжная выстава ахапіла ўсю творчасць юбіляра. Цікавасць выклікаў адзіны зборнік паэзіі Аркадзя Марціновіча „Чырвоныя ветразі” 1965 года, вершы з якога прагучалі ў выкананні чытачоў бібліятэкі Аліны Кавалевай, Ліліі Поршневай і Андрэя Шыпіцына.

Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры і пісьменнік Мікалай Яцкоў распавёў пра малавядомыя факты ваеннага лёсу Аркадзя Марціновіча — як ён капаў акопы непадалёк ад талстоўскай Яснай Паляны, як пашчасціла застацца ў жывых у самым пекле бітвы пад Ржэвам, дзе загінула каля 400 тысяч чырвонаармейцаў, і за які подзвіг лейтэнант Марціновіч  атрымаў баявы ордэн Чырвонай Зоркі.

Напрыканцы сустрэчы адбылася гутарка, дзе ўсе прысутныя дзяліліся думкамі і меркаваннямі аб месцы літаратуры ў нашым жыцці, і аб тым вялікім унёску ў скарбонку беларускай нацыянальнай культуры, які рабілі і робяць нашы пісьменнікі-землякі.

Юлія Яцкова адзначыла, што ў бібліятэках Магілёўскага раёна рэалізуецца праект літаратурнага марафона „І будзе слова землякоў гучаць над роднаю старонкай”, у якім актыўны ўдзел прымае і Брылёўская бібліятэка.  І сённяшняе ўшанаванне памяці ўраджэнца Магілёўшчыны, пісьменніка-франтавіка Аркадзя Марціновіча з’яўляецца фрагментам прыгожай мазаікі гэтага цікавага і неабходнага ўсім нам праекта.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёўскі раён

Фота Міколы Яцкова