Жыў такі паэт Мікола Федзюковіч



Чвэрць стагоддзя няма ўжо з намі паэта Міколы Федзюковіча, простага, сціплага, сарамлівага, добразычлівага сялянскага хлопца з вёскі Гутава, што ў Драгічынскім раёне. Падчас адной з нашых працяглых размоў ён дзяліўся сваім цікавым успамінам пра тое, як пасля  сярэдняй школы  шчырэў спачатку літсупрацоўнікам драгічынскай раёнкі  „Чырвоная зорка”, а потым  фотакарэспандэнтам лунінецкай міжраёнкі „Ленінскі шлях”, якая надрукавала яго першыя вершы. Працаваў у  свой час  у  „Народнай асвеце”,  загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва „Чырвонай змены”, дзе я,  студэнт трэцяга  курса  журфака, з ім і пазнаёміўся. На той час у яго былі ўжо кніжкі вершаў „Зямля-магніт” і „Мілавіца”, якую ён мне падпісаў, а я „даў пачытаць” перад ад’ездам у ГДР камусьці з аднакурснікаў… Трэцяга зборніка давялося чакаць даволі доўга, „Птушыны грай” мы замочвалі ў… 1976-м, калі я ўжо працаваў (пасля „Знамени юности”) ў „Сельской газете”… Праз тры гады набыў ягоны „Макаў цвет”. Ведаю, што больш чым праз дзесяць гадоў пасля смерці Мікалая Мікалаевіча ў серыі „Беларуская паэзія ХХ стагоддзя” выйшаў пасмяротны зборнік ягонай выбранай паэзіі „Красадзён”.  Асобную падзяку  выказваю  за гэта нашаму агульнаму сябру, паэту, празаіку і перакладчыку, дарэчы, Федзюковіч і сам перакладаў з рускай, французскай і ўкраінскай моў, Віктару Гардзею, укладальніку выдання.

Так пачынаецца вялікі артыкул-згадка пра беларускага паэта Міколу Фюдзюковіча, які напісаў Уладзімір Барысенка ў свежым нумары электроннага выдання “Наша слова.рdf”.

У 2022 годзе рэспубліканскі культурна-спартыўны фестываль „Вытокі” прайшоў у Наваградку – старадаўнім беларускім горадзе, першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. У Год гістарычнай памяці кожны горад у пра-граме фестывалю „Вытокі” зрабіў акцэнт на культурную спадчыну беларусаў. У Наваградку святочныя мерапрыемствы былі аб’яднаны тэмай „Статуты Вялікага Княства Літоўскага”.У фестывалі прыняў удзел і калектыў ДУК „Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”, якому выпаў гонар прадстаўляць Лідскі край. Пра ўсё гэта чытачы таксама даведаюцца з “Нашага слова”.

У гэтым самым нумары чытачы прачытаюць таксама працяг успамінаў і разважанняў генерала Люцыяна Жалігоўскага “Вайна ў 1920 годзе” і шмат яшчэ цікавых артыкулаў. Поўнасцю свежы нумар “Нашага слова” чытайце ТУТ.

Беларускае Радыё Рацыя