Жывая трансляцыя і відэатрансляцыя з „Басовішча-2017” толькі на Беларускім Радыё Рацыя
14-15 ліпеня на сцэне Барык каля Гарадка на Падляшшы 28-мы раз будзе праходзіць Фестываль музыкі маладой Беларусі „Басовішча”.
Прамая трансляцыя з „Басовішча-2017” на хвалях ФМ толькі на Беларускім Радыё Рацыя. Сёлета чарговы ўжо раз будзе весціся жывая відэатрансляцыя, якую можна будзе паглядзець толькі на нашым сайце racyja.com
У пятніцу, 14 ліпеня, трансляцыя пачнецца а 18:00 паводле беларускага часу, у суботу, 15 ліпеня, трансляцыя фестывалю працягнецца ад 19:30 беларускага часу да выступу апошняга гурту. З месца падзей сачыць за хадой фестывалю “Басовішча” ў жывым эфіры будуць нашыя журналісты – Яна Запольская і Улад Грынеўскі (у пятніцу), Мілана Вераснёва і Віктар Сямашка (у суботу).
БАСовішча ладзіцца без перарыву з 1990 году на лясной паляне Барык у Гарадку побач з Беластокам. Гэта найбольшы і найстарэйшы фестываль беларускай рок-музыкі ў свеце.
XXVIII фестываль адбудзецца 14-15 ліпеня 2017 года традыцыйна на паляне Барык у Гарадку каля Беластока. Беларускую музычную сцэну будуць рэпрэзентаваць: Naviband, Re1ikt, Vuraj, Stary Olsa, Nagual, Akute, Daj Darogu!, The Superbullz, .K. Голасам беларусаў Падляшша стануць гурты Ilo&Friends i Manietny Dvor. Польская мова прагучыць ад выканаўцаў Łona i Webber&The Pimps. Зоркамі з-за мяжы будуць гурты Вагоновожатые (Украіна) ды Neozbiljni Pesimisti (Сербія).
З улікам таго, што адной з галоўных ідэяў фестывалю з’яўляецца дапамога маладым гуртам з Беларусі, таму і ў гэтым годзе адбудзецца Конкурс Маладых Гуртоў, на якім пабачым: Leibonik, BarRoka, Teleport, SnopSnou (гурты былі абраныя сябрамі журы ў Менску ў рамках канцэрту ’’Адборышча’’).
Канцэрты на вялікай сцэне гэта не ўсё, пасля выступу апошніх гуртоў запрашаем на малую сцэну, дзе да раніцы будзем танчыць з ды-джэямі.
* * *
Маладыя людзі рыхтуюць „Барык” да чарговага Басовішча
[Not a valid template]
* * *
Праграма „Басовішча-2017”
Naviband – лаўрэаты Конкурсу Маладых Гуртоў 2015 году і фіналісты Конкурсу Еўрабачання 2017. На працягу двух гадоў іх папулярнасць значна павысілася, што заўважна па колькасці людзей, якія наведваюць іх канцэрты, і не толькі ў Беларусі. Запрашаем пабачыць сапраўдную зорку беларускай эстрады, якая шчодрая на свае ўсмешкі і аптымізм.
Re1ikt – гурт, які награў ажно чатыры дыскі, за кожны з іх атрымаў не адну ўзнагароду. Музыкі хочуць, каб беларускі фальклор стаў больш даступны публіцы. Іхнія рокавыя аранжыроўкі падабаюцца не толькі музычным крытыкам, але і нашай публіцы. Гурт многа разоў выступаў у Барыку, але аматары беларускай музыкі не чулі з нашай сцэны новага дыску ’’Куфар’’.
.K – мінулагодні лаўрэат Конкурсу Маладых Гуртоў. На пачатку сольны, бардаўскі праект; на сённяшні дзень лідар праекта выступае з трыма музыкамі. Гурт апошнім часам нярэдка можна сустрэць і ў Польшчы, што сведчыць – і польская публіка зачараваная іхняй музыкай.
Дай Дарогу! – моцны рок з канца 90-ых. Апошнім часам гурт вярнуўся на сцэну з беларускімі тэкстамі і яшчэ большай энэргіяй. У 2017 годзе гурт выступіў у Варшаве ў рамках святкавання Дня Незалежнасці Беларусі 25 сакавіка.
Нагуаль – апрача тэкстаў па-беларуску музыкі стварылі сваю ўласную мову. Жанр, у якім спяваюць, можна акрэсліць як ’’шаманскі рок’н’рол’’. Пасля некалькіх гадоў меншай актыўнасці, гурт вяртаецца з новым дыскам, які пабачыў свет у траўні 2017, а іх выступ на БАСовішчы – адна з першых прэзентацый новага матэрыялу.
The Superbullz – новы праект музыкаў, якія знаёмыя са сцэнай не ад сёння. Нашай публіцы гурт вядомы як частка музыкаў Крамбамбулі. Хлопцы граюць класічны рок, які так добра гучыць з нашай сцэны ўжо ад 28-і гадоў.
Vuraj – гурт, які ведамы публіцы з новых аранжыровак беларускіх народных песень з выкарыстаннем народных інструментаў. Беларускую спадчыну прэзентуюць людзям у цэлым свеце, апошнім часам вярнуліся з канцэртаў у Італіі. На БАСах выступяць упершыню.
Стары Ольса – гурт, які пераносіць слухачоў у Сярэднявечча, карыстаецца спадчынай Вялікага Княства Літоўскага. Іх канцэрты – гэта не толькі музыка, але і строі, дапасаваныя да эпохі. Публіка ведае іх таксама з аранжыровак найбольш вядомых песень сусветнага рока.
Akute – сваю дарогу на сцэне пачыналі на Конкурсе Маладых Гуртоў, дзе занялі першае месца. У гэтым годзе выступаюць у Барыку як хэдлайнеры. Публіцы запрэзентуюць свой новы дыск, але таксама і добра ведамыя хіты. Лічым, што няма лепшага завяршэння фестывалю.
ILO&Friends – акустка і электроніка ў спалучэнні з беларускімі тэкстамі. Гурт часта карыстаецца творамі беларускіх класікаў, між іншым Уладзіміра Караткевіча. Музыкі награлі 3 студыйныя дыскі, а апошні з іх быў названы беларускім сайтам expert.by ’’адным з найлепшых беларускіх альбомаў года’’.
Manieny Dvor – польска-беларускі музычны праект, інспіраваны шляхціцам Завальняй, героем твораў Яна Баршчэўскага. Калектыў малады досведам, але адметны, калі ідзе пра тэксты. Іншымі словамі, мусіце пабачыць, як пакажуць сябе на гарадоцкай сцэне.
Łona, Webber&The Pimps – прадстаўнікі польскай сцэны. Музычныя крытыкі акрэсліваюць іхні жанр як ’’інтэлігэнцкі рэп’’. Сваімі тэкстамі гурт аб’ядноўвае розныя пакаленні слухачоў. У Польшчы высупаюць на найбольшых фестывалях, такіх, як Open’er Festival.
Вагоновожатые – госці з Украіны. Энэргічныя хлопцы, якія карыстаюцца толькі бубнамі ды сампламі. Граюць жывую электроніку, ідэальную на познія начныя гадзіны. На радзіме гралі мабыць на кожным важным фестывалі.
DJ Fahadzinski, Warsaw Balkan Madness – людзі, якія будуць граць на малой сцэне да ранніх гадзінаў пасля канцэртаў. Запрашаем усіх патанчыць разам з намі пад усходнюю ды балканскую музыку.
Neozbiljni Pesimisti – гурт з Сербіі, які ўжо два разы выступаў у Польшчы, а іх этна-панкавая музыка спадабалася польскай публіцы. Спадзяемся, што і беларусы будуць добра адпачываць пад балканскія рытмы ў Барыку.
ШТО АПРАЧА КАНЦЭРТАЎ?
Зона БАСмежжа – частка фестывалю, якую ў цэласці прыдумалі і зрабілі студэнты з БАСу. Галоўнай ідэяй зоны з’яўляецца спалучэнне двух народаў, таму і дзейнічае яна цэлыя два дні БАСаў. У гэтым годзе наведнікі змогуць набыць беларускія сувеніры ад крамаў ’’Мой родны кут’’ ды ’’Imbryk.by’’. Незвычайным будзe таксама магчымасць зрабіць сабе тату ў студыі ’’Ў лісіцы’’ (Менск) ды стрыжку ў Барбера (Узда).
Спектакль „Шляхціц Завальня” – аўтарскі лалечны спектакль групы ’’Манетны Двор’’ на аснове апавядання „Чорны певень і цмок”’ Яна Баршчэўскага. Акцёры выкарыстоўваюць традыцыйную батлейку. Гмінны Асяродак Культуры ў Гарадку, субота 14:00.
Беларуская Інтэлектуальная Гульня – гульня ў форме пытанняў, якія будуць датычыць беларускай культуры ды гісторыі, але і БАСовішча. Запрашаем да ўдзелу, заяўку можна знайсці ў фейсбуку БАСовішча, або проста прыйсці да зоны БАСмежжа. Гульню ладзяць маладыя людзі з Беларусі, якія на сваіх мерапрыемствах збіраюць па 200 асобаў.
* * *
Чакаем „Басаў” і пераносімся думкамі ў Гарадок… Так мы гулялі летась:
А для ўсіх, хто ўжо паглядзеў “Басовішча-2016” на відэа, прапануем паглядзець фотарэпартаж.
«Басовішча-2016». Першы дзень (фотарэпартаж)
«Басовішча-2016». Другі дзень (фотарэпартаж)
* * *
«Басовішча» для беларуса – другая радзіма
XXVIII Фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча” пачнецца ва ўрочышчы Барык, што каля Гарадка, паблізу польска-беларускай мяжы, 14 ліпеня. На яго традыцыйна прыязджаюць дзясяткі і сотні жыхароў Гародні. Чым з’яўляецца гэты фэст для гарадзенцаў? Кажа адзін з пастаянных наведнікаў «Басовішча» Вячаслаў Жукаў:
– «Басовішча» для беларуса – гэта другая радзіма. Прыехаць на «Басовішча» – гэта акунуцца ў беларускасць, беларускі дух, адчуваць сваіх сяброў, братоў, нават калі яны з польскага боку. Там таксама жывуць беларусы, побач з намі, за 20 км ад нас. Тая самая Беларусь. Таму мы з палякамі – браты назаўжды. А «Басовішча» – гэта такая атмасфера, якую нельга прапускаць беларусам.
Для іншага пастаяннага наведніка фэсту – гэта подых свабоды і цікавая атмасфера:
– Я езджу на «Басовішча» для таго, каб пачуць нашыя беларускія гурты не паасобку, а разам, адчуць гэтую энергетыку. Падаецца, не так далёка гэты Гарадок, а ўжо зусім іншая энергетыка, іншае пачуццё нейкай свабоды, ды і папросту сутрэцца з сябрамі.
Сёлетні фестываль «Басовішча» адбудзецца на традыцыйным месцы і адкрыецца конкурснай праграмай. Сярод удзельнікаў сёлетняга фэсту такія вядомыя беларускія гурты, як “НагУаль” і “Akute”, “Стары Ольса” і “Дай Дарогу”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
„Басовішча-2017” на Беларускім Радыё Рацыя
Праграмны дырэктар нашага радыё Юрка Ляшчынскі распавёў пра тое, як будзе асвятляцца „Басовішча-2017” на Беларускім Радыё Рацыя.
– „Басовішча-2017” адбудзецца 14-15 ліпеня ва ўрочышчы Барык, што каля Гарадка, паблізу ад польска-беларускай мяжы. Фестываль ладзіць Беларускае аб’яднанне студэнтаў, а Беларускае Радыё Рацыя яго асвятляе. Спачатку гэта былі толькі справаздачы з фестывалю – запісвалі музыку, ужо пазней рабілі трансляцыі, а з мінулага года робім відэатрансляцыі.
Цяпер можна не толькі пачуць, што там адбываецца, але і пабачыць.
Трансляцыя, якая пачнецца 14-га а 17:05, працягнецца да апошняга выступу. Яна завершыцца недзе а 2-3 гадзіне начы. У суботу пачнем на гадзіну пазней, а 18:05. Першая частка фестывалю – гэта конкурсная частка, а на другі дзень выступ лаўрэата.
Відэа і радыётрансляцыя працягнуцца да апошняга выступу.
Прыедуць вядомыя гурты з Беларусі, Украіны, Польшчы. Назаву некаторыя: „НагУаль”, „Ilo & Friends”, „Дай дарогу!”, „Манетны двор”, „Стары Ольса”, „Vuraj і NaviBand”.
„NaviBand” – гэта гурт, які сёлета выступаў на „Еўрабачанні”, прадстаўляў Беларусь. Першы беларускамоўны гурт, які выступіў на „Еўрабачанні”, ён раней ужо выступаў на „Басовішчы”. Два гады таму яны сталі пераможцамі „Басовішча”.
Гурты, якія перамагаюць, трапляюць у наш плэй-ліст.
Арганізатары кажуць, што гэтае „Басовішча” таксама павінна быць цікавым, нават цікавейшым за папярэднія.
Беларускае Радыё Рацыя