“ЖыЗа”: выстава плакатаў у цэнтры Гародні
У Гародні адкрылася ўнікальная выстава плакату, якая мае назву “ЖыЗа”. Яе аўтарам стаў малады дызайнер Аляксандр Нікешын, які размясціў свае 12 працаў у “Цэнтры гарадскога жыцця”.
Пра асаблівасці сваіх працаў кажа аўтар, Аляксандр Нікешын:
– Плакаты пра жыццё, пра нашы ўнутраныя замарочкі, барацьбу, пошук. Лейтматывам выставы з’яўляецца само жыццё. Жыццё – якое яно ёсць. І пераважна чалавечыя якасці – гэта паніка, раздражненне, злосць, унутраны спакой. Мае плакаты побытавыя і распавядаюць пра нашы ўнутраныя перажыванні.
Для наведвальнікаў, якія прыйшлі на адкрыццё экспазіцыі, выстава стала вельмі адметнай падзеяй ў культурным жыцці Гародні:
– Мы маем магчымасць пазнаёміцца з сучасным беларускім плакатам. Даведацца пра новыя плыні. А калі ўлічыць тэматыку, то і звярнуць увагу на побытавыя моманты. Мастацтва – гэта заўсёды спосаб мастака данесці нейкую інфармацыю шырокай аўдыторыі. Плакат – гэта масавы жанр. Мне падаецца, гэта самы эфектыўны спосаб.
– Гэта, па-першае, забаўна. Простыя рэчы данесены максімальна проста і з эстэтычнага пункту гледжання вельмі прыгожа.
На адкрыццё выставы аўтар запрашаў праз сацыяльныя сеткі, і таму на адкрыццё экспазіцыі прыйшлі ў асноўным маладыя людзі, а самі плакаты пра жыццё можна пабачыць ў Гародні цягам бліжэйшага тыдня.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня