“Зіма ў агні” намінаваная на “Оскар”
Стужка пра падзеі на ўкраінскім Майдане “Зіма ў агні” намінаваная на “Оскар” у катэгорыі “Лепшы дакументальны фільм”. Сярод персанажаў “Зімы ў агні” заўважаны і чарнігаўскі беларус Сяржук Багукалец.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:
– Дакументальная стужка “Зіма ў агні” прысвечаная паўстанню на кіеўскім Майдане Незалежнасці ўзімку 2013-2014 гадоў, а таксама падзеям, якія адбыліся далей: уцёкам Віктара Януковіча ў Расейскую Федэрацыю і перамозе Рэвалюцыі Годнасці. У фільме багата эксклюзіўных дакументальных кадраў і разнапланавых інтэрв’ю, прытым меркаванні прадстаўляюць розныя пакаленні ўкраінцаў – ад дванаццацігадовага хлопчыка і да васьмідзесяцігадовага старога.
Цікава, што сярод героеў дакументальнай стужкі – Сяржук Багукалец, сіверскі беларус, які жыве ў Чарнігаве. Пасля таго, як на тэрыторыі Данбаса распачаліся актыўныя вайсковыя дзеянні, Сяржук Багукалец у складзе Першай танкавай брыгады абараняў Луганскі аэрапорт.
Усяго ў намінацыі “Лепшы дакументальны фільм” удзельнічае пяць кінастужак. Пераможцу назавуць 28 лютага.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Фейсбук Сяржука Багукальца