„Зімовы кірмаш” у Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў Вільні
Зімовы кірмаш прайшоў у Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў Вільні. На ім беларускія майстры прадставілі свае эксклюзіўныя вырабы да Калядаў і Новага года. Наведвальнікі маглі набыць калядныя падарункі для сваіх каханых, родных і блізкіх, а таксама падтрымаць фінансава палітзняволеных і іх сем’і.

Паводле арганізатаркі кірмашу Марыны Абрамовіч, у ім удзельнічала каля 30 майстроў:
– Мы яго назвалі такім „Зімовым кірмашом”, таму што акурат ужо пачатак снежня. І вырашылі зрабіць зараз, таму што больш шчыльны графік пачнецца у наступныя выходныя: іншыя кірмашы, тады такія міжнародныя гарадскія, літоўскія. Таму вырашылі зараз паспрабаваць правесці нешта такое.
На кірмашы была выстаўленая і прадукцыя беларускіх майстроў паводле малюнкаў і іншай творчасці палітвязняў. Грошы ад такіх рэчаў поўнасцю пойдуць на падтрымку палітзняволеных і іх сем’яў.

Кажа Настасся, валанцёрка “Вольных паштовак”:
– Мы дапамагаем палітвязням праз іх творчасць, то бок усё, што вы тут бачыце, гэта нашы дызайнеркі-валанцёркі перарабілі ў мерч. Нават ёсць размалёўка, і ў размалёўцы вершы і ўсе малюнкі таксама палітвязняў. Ёсць паштоўкі, налепкі, цішоткі, нататнікі, вінцы. Вінцы ўсім вельмі падабаюцца, асабліва “З часам будзе толькі лепш!”.
Падчас кірмашу прысутныя змаглі наведаць псіхолага і атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні пры дапамозе метафарычных картаў. Выступалі музыкі ў стылі джаз, а таксама госці маглі піць гарачыя напоі з разнастайнай выпечкай, у тым ліку прыгатаванай і рукамі беларускіх майстрыц.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:























Беларускае Радыё Рацыя
