Зінаіда Бандарэнка: Нам патрэбны беларускамоўныя вядучыя
Народная артыстка Беларусі распавяла, каму б яна хацела перадаць свой вопыт.
Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка абвяшчае набор на двухмесячныя курсы «Тэхніка і культура мовы, ці Асновы майстэрства тэлевядучых» на базе Палаца моладзі.
Заняткі будуць праводзіцца 2 разы на тыдзень, кошт за два месяцы — 80 рублёў. Пачатак заняткаў — ад лістапада, дні будуць вызначаныя на ўстаноўчых занятках. Курсы для дарослых (у выключных выпадках можна спрабаваць ад старэйшага школьнага веку), паведамляе nn.by.
Зінаіда Бандарэнка: Курсы праводзяцца не першы год, і слухачоў набіраў Палац моладзі. Але цяпер і я да гэтай справы падключылася, таму што хочацца, каб курсы цалкам былі беларускамоўныя, і людзі ўмелі гаварыць не толькі на расейскай мове. Раней я выкладала на факультэце журналістыкі, у педуніверсітэце імя Максіма Танка, і там навучанне ішло менавіта на расейскай мове. Калі заходзіла да студэнтаў, то заўсёды пытала, на якой мове будзем працаваць. На жаль, у сваёй большасці маладыя людзі абіралі расейскую. Але мне хочацца, калі наша тэлебачанне, у рэшце рэшт, будзе сапраўды беларускім і нацыянальным, каб і вядучыя ўсе былі беларускамоўныя.
РР: Але і зараз ёсць людзі на тэлебачанні, якія добра валодаюць роднай мовай.
Зінаіда Бандарэнка: Агульнае ўражанне ўсё-такі складваецца такое, што практычна ўсе каналы працуюць на расейскай мове. Адзінае, што мяне радуе, дык гэта некаторыя вядоўцы спартыўнага канала. Я адчуваю, што туды прыйшлі не толькі спартоўцы, але і філолагі, якія добра ведаюць мову. Гэта вельмі прыемна, хлопцы проста малайцы! Вось з каго трэба браць прыклад.
Кастусь Заблоцкі, Беларусакае Радыё Рацыя