Zingeray сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў
Спеўны сход у Гомелі Zingeray сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў у параўнанні з іншымі гарадамі. Больш за 150 чалавек сабраліся каля філіяла Веткаўскага музея, каб праспяваць разам габрэйскія песні на ідыш і іўрыце, а таксама па-беларуску.
Лідар гурта Vuraj і арганізатар Спеўных сходаў Сяржук Доўгушаў распавёў пра ідэю стварэння праекта Zingeray.
– Я нейкі час падарожнічаў па ЗША і там пазнаёміўся шмат з габрэямі, якія эмігравалі менавіта з Беларусі і я падумаў зрабіць адраджэнне традыцый. Беларусь – гэта краіна, дзе не толькі спявалі па-беларуску, а гэта шматкультурніцкі край, у якім можна было ў свой час пачуць і мову ідыш. І вырашылі пачаць аднаўляць гэтую традыцыю, традыцыю мястэчкаў і гарадоў і пазнаёміцца з традыцыяй габрэйскіх песень.
Бібліятэкар і этнограф Алена Ведзь гаворыць, што ў ХХ стагоддзі габрэі займалі значную частку насельніцтва Беларусі.
– Таму габрэй успрымаўся як нешта сваё роднае. А габрэі знаходзіліся ў так званай мяжы аселасці. Іх гналі з Еўропы, там пачаліся якраз супрацьгабрэйскія настроі. У саму Расею не пусцілі, і мяжа аселасці праходзіла па Беларусі і па Украіне. Нават у сярэдзіне ХХ стагоддзя адукаваныя людзі былі прадстаўленыя, як правіла, габрэямі. У той жа абласной бібліятэцы ў сярэдзіне ХХ стагоддзя 90% супрацоўнікаў – гэта габрэі.
Арганізатары праекту Zingeray спадзяюцца, што Спеўныя сходы стануць традыцыйнымі ў Гомелі.
Беларускае Радыё Рацыя