Zingeray ў віцебскім музеі Марка Шагала
У межах праекта “Спеўны сход” у Віцебску прайшоў Zingeray – свята габрэйскіх песень і танцаў. У Віцебск завітаў Сяржук Доўгушаў, ініцыятар спеўных сходаў, якія папулярызуюць народную песенную культуру, музычны ансамбль Bareznburger Kapeley з Менску і танцмайстарка Наталля Голава з Барысава.
Сустрэча з габрэйскай культурай праходзіла ў знакавым месцы – у дворыку музея Марка Шагала. Гасцей прадставіла віцебская вядучая спеўных сходаў Марына Булатоўская. Яна правяла распеўку, а потым разам з гасцямі віцябляне весяліліся так, нібыта вуліца Пакроўская апынулася ў мінулым часе. Калі ў Віцебску было шмат габрэйскага насельніцтва, а мова ідыш вольна суседнічала з беларускай, польскай, літоўскай ды расейскай, кажа дырэктарка музею Ірына Воранава:
– На пачатку 19-га стагоддзя габрэі складалі амаль 60% ад усяго насельніцтва горада, бо праз нас праходзіла рыса аседласці. І наш музей зацікаўлены папулярызаваць габрэйскую культуру ў супольнасці з беларускай, паказваць, што яны блізкія – бо мы заўсёды жылі побач. І мы павінны так і жыць далей.
Для большасці беларусаў габрэйская культура сёння – гэта экзотыка. Для габрэяў беларуская – таксама. Але найстарэйшы артыст габрэйскай самадзейнасці Міхал Саломенскі спадзяецца, што колішняя традыцыя ўзаемапаразумення адродзіцца:
– Старыя людзі сыходзяць, моладзь нічога не ведае, шмат людзей раз’ехалася… Усе нацыі здаўна жылі тут разам, і размаўлялі габрэі на беларускай мове, і ўсе адно аднаго разумелі, і ўсё было добра. І вы бачыце, як сёння ўсё добра, гэта пачатак адраджэння традыцый, гэта проста свята!
Найбліжэйшая падобная імпрэза адбудзецца ў музейным дворыку 7 ліпеня – у дзень народзінаў Марка Шагала. Арганізатары рыхтуюць вялікую канцэртную праграму, і гледачы таксама змогуць далучацца да яе ў якасці танцораў і спевакоў.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі