Змітру Сідаровічу споўнілася б 55 год
Сёння споўнілася б 55 гадоў Змітру Сідаровічу…
Беларускі бард, дудар Зміцер Сідаровіч нарадзіўся 2 кастрычніка 1965 года ў Мінску. Для многіх гэты таленавіты творца ведамы як лідар гурта “Камелот”, аўтар і выканаўца песень, збіральнік фальклору. Дзед Змітра Сідаровіча – Мечыслаў Вікенцевіч – у 1938 годзе пераехаў у Мінск з вёскі Скірмантава пад Койданавам (Дзяржынскі раён). Зміцер атрымаў прафесію інжынер-будаўніка, пазней стаў кандыдатам навук. А вось музычнай адукацыі не меў ніякай, што не перашкодзіла цягам жыцця асвоіць некалькі музычных інструментаў.
Песні пачаў ствараць з 1980 года. Па-беларуску пачаў пісаць у сярэдзіне 1980-ых, што цікава пасля паездкі на Падляшша. У 1986 г. студэнтам Сідаровіч патрапіў у Беласток на вытворчую практыку. Там сустрэўся з беларусамі Беласточчыны, якія “свядома размаўлялі на роднай мове і бачылі ў тым сваю місію на Зямлі”, як ён сам казаў. Гэта моцна паўплывала на светагляд творцы. У 1991 г. Сідаровіч стварыў легендарны для Беларусі гурт “Камелот”. Ён спрычыніўся да вытокаў рыцарскага руху на Беларусі. Гурт “Камелот” запісаў альбом “У краіне талераў”. Кампазіцыі “А дзе ж тыя ваяры?”, “Краіна талераў”, “Дуда, лютня ды бубен” сталі сапраўднымі музычнымі хітамі. На першых беларускіх рыцарскіх фэстах, якія ў Навагрудку ладзіў Ігар Міхна, гучалі песні “Камелота”. Па просьбе кіраўніцы рыцарскага клуба Арыны Вележ Сідаровіч напісаў музыку для інсцэніроўкі каранацыі Міндоўга. Ствараў іншыя творы для аздаблення рыцарскіх турніраў. Сідаровіч стаў першым, хто распрацаваў гістарычную тэматыку ў музыцы. Праз пэўны час пачалі з’яўляцца і іншыя гурты такой скіраванасці – “СтараЛітва”, праект “Легенды Вялікага Княства”, “Стары Ольса” і іншыя. Дзякуючы гэтаму гістарычная песня стала папулярнай у Беларусі. Сам Зміцер Сідаровіч казаў, што “Камелот” займаўся ў музыцы фактычна тым жа, што Уладзімір Караткевіч рабіў у літаратуры. Музыка гурта “Камелот” у свой час выкарыстоўвалася для афармлення спектакля “Заложніца кахання, або Люстэрка Бландоі” па п’есе Сяргея Кавалёва, якую паставіў Валерый Мазынскі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Тады аднаго з Радзівілаў іграў вядомы актор і тэлевядоўца Юры Жыгамонт.
Зміцер Сідаровіч выпусціў таксама кнігу вершаў “Тры жалуды”. Аўтар-складальнік даведніка “Вялікія музыкі ХХ стагодзьдзя”. Акрамя бардаўскай песні актыўна займаўся фальклорам. Музыка ўдзельнічаў у беларуска-літоўскай фальклорнай экспедыцыі, дзе сабраў шмат творчасці памежных тэрыторый. Адраджаў такі інструмент як дуда. У 2000 г. удзельнічаў у альбоме “Вір” гурту “Стары Ольса”. У 2008 г. заснаваў капэлу “На таку”, якая ладзіла вечарыны традыцыйнага танцу, шмат часу аддаваў гэтай справе. Сідаровіч разам з сынам Тамашом, а таксама Таццянай Матафонавай і яе сынам Адасём запісалі “Дзіцячы альбом”, першая частка якога складаецца цалком з беларускага дзіцячага фальклору, а ў другую, апроч народных, уваходзяць і аўтарскія песні Сідаровіча – “Школьная нізка”. На дысках змясцілі не толькі самі песні, але і тэксты, музыку для караоке, каб усё гэта музычныя кіраўнікі ў дзіцячых садках маглі спяваць разам са сваімі выхаванцамі. Праект стаў выдатным дапаможнікам для бацькоў, якія імкнуцца выхоўваць дзетак на традыцыйнай культуры.
Памёр Зміцер Сідаровіч у Мінску нечакана і заўчасна 17 траўня 2014 года, не дажыўшы да 50 гадоў. Пахаваны творца на Заходніх могілках беларускай сталіцы.
Беларускае Радыё Рацыя