Зміцер Бартосік: Нашаму сямейнаму ансамблю назву яшчэ не прыдумалі
Сёлета Зміцер Бартосік не спяваў на традыцыйным мерапрыемстве ў Бычках, прысвечаным славутаму ўраджэнцу Ушацкай зямлі – пісьменніку Васілю Быкаву. Гэтам разам вядомы выканаўца выступіў у складзе сямейнага музычнага калектыву, які, акрамя самога Змітра Бартосіка, складаецца з ягонай жонкі – Тацяны Карпіловіч і дзяцей – Геральда і Юстыны. Гэты калектыў ужо добра вядомы беларускім слухачам. У Бычках спявалі выключна Геральд і Юстына.
Як паведаміў Зміцер Бартосік: – І Гера, і Юста займаюцца ў студыі „Сцежачка” пры сталічнай гімназіі № 23. Гера яшчэ вучыцца на флейце. Сямейным ансамблем выступаем нядаўна. Рэпертуар толькі пачынаецца. Фальклор, аўтарскія песні. Назвы для свайго бэнда яшчэ не прыдумалі. Нашы дзеці актыўна выступаюць на розных конкурсах. Юста заняла першае месца на конкурсе „Лідскі вянок – 2018”. У гэтым годзе перамога на конкурсе „Спадчына” ў Заслаўі. Яшчэ ў яе другое месца на Рэспубліканскім конкурсе „Маладыя таленты Беларусі”. У Геры другое месца за „Лідскі вянок” сёлета і трэцяе за „Новыя вяршыні”. Дуэтам таксама былі прызы. Першае сёлета за „Лідскі вянок” і другое за „Новыя вяршыні”. Былі і іншыя конкурсы і перамогі.
Выступ сямейнага калектыву Змітра Бартосіка быў вельмі цёпла сустрэты ўдзельнікамі імпрэзы ў Бычках. Яго адарылі шчодрымі апладысментамі.
Васіль Крокава, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Таццяны Козік