Зміцер Бартосік прадставіў гарадзенцам сваю новую кнігу
Вядомы беларускі бард, пісьменнік і журналіст Зміцер Бартосік прадставіў жыхарам Гародні новую кнігу “Клініка кітайскага дантыста”.
Пра адметнасць выдання распавядае аўтар:
– Была такая перадача “Вострая брама” на Радыё Свабода, дзе я прыдумаў аднойчы рубрыку “Забытыя адрасы”. І вось па гэтых забытых адрасах беларускай культуры, па былых Дамах творчасці Саюза пісьменнікаў, па кватэрах, дзе жыў Караткевіч, па нейкіх адрасах нават пачатку 20-га – канца 19-га стагоддзяў, звязаных з Аляксандрам Уласавым, Ядзвігіным Ш., дзе я і бадзяўся, спрабуючы разгаварыць народ, можа нехта ды нешта памятае.
Па словах Зміцера Бартосіка, кніга будзе цікавая чытачам рознага ўзросту:
– Сталы чытач знойдзе невядомыя старонкі жыцця добра вядомых яму людзей: Барадуліна, Караткевіча, Тараса. Малады чытач знойдзе час, які сёння называюць “застойным”. У ім жылі настолькі “незастойныя” , настолькі прасунутыя і крэатыўныя людзі, што сённяшняму маладому пакаленню таксама ёсць чаму ў тых людзей павучыцца.
Усе, хто прыйшоў на сустрэчу, атрымалі кнігу Зміцера Бартосіка задарма, а сам аўтар праспяваў гарадзенцам свае старыя і новыя песьні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
