Зміцер Бартосік: Працую над трэцяй кнігай падарожжаў
Усю мінулую зіму і вясну вядомы беларускі бард, пісьменнік і журналіст Зміцер Бартосік працаваў у творчай рэзідэнцыі ў Варшаве над новай кнігай. Сёлета ён плануе гэтую працу завершыць.

– Гэта будзе трэцяя кніга падарожжаў. Першая была «Верабейка». На днях даведаўся, што мой верабейка даляцеў да Альбіёну. Свабодны тэатр зрабіў інсцэніроўку. Другая была «Забытыя адрасы». А трэцяя – гэта пра паваенны супраціў. Паваенны ўзброены супраціў. Гэта бандытызм, гэта няшчасныя людзі, якія як маглі супраціўляліся паваеннай калектывізацыі. Сабатажнікі, бандыты, забойцы старшыняў калгасаў, савецкіх органаў і гэтак далей.
Гэтымі днямі Свабодны тэатр ладзіць лонданскую прэм’еру спектакля, пастаўленага паводле кнігі Змітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы». Паказы ідуць штодня з 13 па 20 красавіка.

Беларускае Радыё Рацыя
