Зміцер Бартосік: Маем час паслухаць аўдыёкнігі
Вядомы бард, пісьменнік і журналіст Зміцер Бартосік пачаў удзельнічаць у стварэнні аўдыёкніг.
Ён начытаў кнігі: Уладзіміра Арлова „Танцы над горадам”, Вінцэся Мудрова „Забойца анёла” і Адама Глобуса „Сям’я”.
„Гэта праца адмысловая, кожную кнігу, якую начытваеш, перажываеш як уласны лёс”, – кажа Зміцер Бартосік:
– Калі ты начытваеш кнігу і робіш некалькі дубляў, а пасля выбіраеш найбольш удалы кавалак, які табе падабаецца, ты пачынаеш гэтай кнігай жыць ва ўсіх сэнсах. У добрым сэнсе, у кепскім сэнсе, ты ўжо жывеш у гэтай кнізе і яна табе сніцца.
„Для цяперашняга часу самаізаляцыі, калі ў людзей раптам з’явілася шмат вольнага часу, аўдыёкніга можа стаць добрым сябрам,” – кажа Зміцер Бартосік.
Шматлікія беларускія аўдыёкнігі можна адшукаць у інтэрнэт-кнігарнях „Беларуская палічка” і „Камунікат”, а таксама на сайце Радыё Свабода.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя