Зміцер Косцін пра Фестываль абуджаных TUTAKA
Два дні музыкі, майстар-класаў, сустрэч, дыскусій і забаваў. Стартуе трэці Фестываль абуджаных Tutaka, які мае сабраць беларусаў з розных краін. Фестывальная праграма насычаная і разнастайная, акрамя таго, прыязджае дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.
Пра ўсё гэта пагаворым з нашым сённяшнім госцем Зміцерам Косціным.
РР: Фестываль Tutaka – гэта што?
– Мы хочам, каб Фестываль Tutaka быў найбуйнейшай сустрэчай усіх беларусаў, а таксама сяброў Беларусі – вольнай Беларусі. Таму працуем над тым, каб тут мелі магчымасць сустрэцца людзі, якія часам не маюць магчымасці сустрэцца цягам года. Каб хаця б на гэтыя пару дзён яны сустрэліся разам у лесе, на паляне, дзе сяброўства, свабода, каб прыгадалі старыя часы, правялі час разам, зарадзіліся энергіяй на ўвесь наступны год, да наступнага фестывалю.
РР: Заяўлены майстар-класы, спартовыя, тэатральныя мерапрыемствы, дыскусіі.
– Так, сапраўды праграма насычаная. Можа насычаная яна яшчэ таму, што хацелася б кожнаму знайсці штосьці цікавае, бо ўсе мы розныя. Мы цікавімся рознымі рэчамі, а дзякуючы сяброўству, знаёмствам удалося запрасіць людзей з рознымі актыўнасцямі, каб усё гэта паказаць. Каб паказаць, што сучасная беларуская культура разнастайная, яна сучасная, яна цікавая. На гэта накіраваныя многія актыўнасці, дыскусіі, лекцыі, паказы, забавы.
РР: Які падыход у фестывалю да музычнага адбору?
– Думаючы пра музычны складнік фестывалю, вельмі часта задумваемся, што на сёння беларуская музыка можа паказаць. Песні пратэсту на сёння ствараюцца не толькі ў рокавым фармаце, хаця рок, панк-рок, як Dzieciuki ці „Дай дарогу!”, прысутны на фестывалі і колькі свет будзе стаяць, ён будзе прысутны на фестывалі і беларускі рок будзе існаваць. Пры гэтым ёсць сучасныя, цікавыя спробы функцыянаваць у моднай музычнай прасторы. Гэта ўсходнееўрапейскі пост-панк, як „Длина волны”. Большасць з нас, нават я сам, я прызнаюся, да моманту пакуль не ўзнікла такая прапанова, нават не ведаў пра існаванне гэтага гурта, які існуе з 2019 года і спявае пераважна па-ангельску, і вельмі папулярны на Захадзе. Мы забываем, што на Захадзе беларуская музыка асацыюецца з „Молчат дома” ці „Intelligency”. Гэта гурты, якія ўжо маюць сваё імя, а часты мы самі пра іх не ведаем і адкрываем для сябе. Мы хочам паказаць хэдлайнераў: Уладзіміра Пугача з акустычнай гітарай, „Дзецюкоў”, „Дай дарогу”, таксама іншыя прапановы, каторыя нам здаецца, могуць быць цікавыя не толькі беларусам, але таксама і палякам, таму такі выбар.
Беларускае Радыё Рацыя