Зміцер Косцін: Сёлетняя „Бардаўская восень” пройдзе пад знакам Надзеі Артымовіч



Фестываль “Бардаўская восень” запрашае на тры дні канцэртаў, дыскусій і тэатральных паказаў. Адмысловая частка праграмы будзе прысвечана выбітнай падляшскай паэтцы Надзеі Артымовіч, якая нядаўна пайшла з жыцця. Пра асаблівасці сёлетніх “бардаў” і планы на будучыню паразмаўлялі з нашым сённяшнім госцем Зміцерам Косціным, кіраўніком рэдакцыі нацыянальных меншасцяў польскага Радыё Беласток, адным з арганізатараў фестывалю «Бардаўская восень».

РР: Будзем гаварыць пра фестываль «Бардаўская восень», які ўжо сёння стартуе. На працягу трох дзён завітае ў восеньскае Падляшша. Чым здзівіць сёлетні фестываль, які мае вельмі багатыя традыцыі? І адразу спытаю аб праграме, якая, на першы погляд, не выглядае як класічна бардаўская.

Зміцер Косцін: Так, ад мінулага году, калі фонд «Тутака» далучыўся да арганізацыі «Бардаўскай восені», тады яшчэ ўзнікла ідэя пра тое, каб пашырыць фармат фестывалю з музычнага, на музычна-паэтычны, на музычна-літаратурны, з элементамі візуальнага мастацтва, з элементамі тэатру. І таму так выглядае гэтая праграма. Яна на першы погляд можа выглядаць даволі эклектычна, але, па вялікім рахунку, рэальнасць такая, што ўсе віды мастацтва ў нейкі спосаб між сабою супрацоўнічаюць, і галоўнае, што знітоўвае, гэта аўтарскае слова – і ў музыцы, і ў паэзіі, і ў літаратуры.

Сёлетняя «Бардаўская восень», тут адразу трэба сказаць, адметная тым, што мы не маглі не заўважыць адыход вельмі важнай постаці для гэтага фестывалю. Постаці, якая прысутнічала на фестывалі, ці ў глядацкай зале, ці ў якасці сябра журы, ці на сцэне, прадстаўляючы свае творы – бельскай паэткі Надзеі Артымовіч. Якраз сёння Бельск нам здаецца найбольш адпаведным месцам, каб ушанаваць яе памяць, ушанаваць, згадаць яе. Думаю, што Надзея Артымовіч не адыдзе, а застанецца з гэтым фестывалем назаўсёды. Але тут, па прычыне таго, што гэтая страта вельмі блізкая, адмысловыя элементы сённяшняга канцэрту будуць прысвечаны… пакуль не хачу гаварыць якія, спадзяюся, што гэта будзе штосьці, што запомніцца, чаго яшчэ не было на «Бардаўскай восені».

РР: Я толькі тут хачу прыгадаць уласны ўспамін, я памятаю, што спадарыня Надзея сапраўды кожны год была на «Бардаўскай восені». Памятаю, перад гэтым перапынкам у правядзенні фестывалю, звязаным з пандэміяй і іншымі рэчамі, яна ўжо апошні год не магла прысутнічаць у зале, але перадала нам праз знаёмых, што яна слухае трансляцыю, што ўсё роўна прысутнічае з намі і вельмі дзякавала за гэты фестываль.

Зміцер Косцін: Так. І бадай у 2021 годзе адмысловы канцэрт, прысвечаны 70-годдзю Надзеі Артымовіч адбываўся ў межах «Бардаўскай восені». І таму вядома, што Надзея Артымовіч вельмі важная постаць сёлетняга фестывалю. Хаця мы не планавалі, не хацелася, каб у такі спосаб было. Але ніхто не выбірае, калі жыццё павінна пачацца і калі скончыцца.

«Бардаўская восень» сёлета мае элементы традыцыі. Вельмі хацелася, калі мы размаўлялі, каго запрашаць, дзесьці ззаду галавы ўвесь час прыгадваліся фестывалі дзесяцігадовай даўніны, пятнаццацігадовай даўніны з удзелам на сённяшні момант «зорак», якія калісьці як раз пачыналі рабіць свае першыя крокі на фестывальнай сцэне ў конкурсе маладых выканаўцаў. І менавіта таму ў першы дзень ёсць Кацярына Ваданосава, якая бадай што, калі не памыляюся, ці першае, ці другое месца заняла ў конкурсе маладых выканаўцаў у свой час. Тады проста дзяўчына з гітарай. Гурт «Рэлікт» – шматгадовы госць фестывалю. І тут варта сказаць, што фестываль «Бардаўская восень» мае шмат сяброў. І вельмі хацелася, каб хоць частку тых сяброў запрасіць да гэтага віру восені з аўтарскай песняй.

Цалкам размова:

Размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя