Зміцер Лукашук: Гаварылі пра права людзей змагацца за сваю свабоду, за незалежнасць сваёй краіны
Госць Радыё Рацыя журналіст Зміцер Лукашук распавёў у эфіры пра канцэрты гуртоў Volski і J:Mors ў межах тура па ЗША „За нашу і вашу свабоду!”. Чаму затрымліваліся канцэрты і якія пытанні абмяркоўваліся з беларускай дыяспарай падчас сустрэч, слухайце ў размове.
– Канцэрт праходзіў у Чыкага ў памяшканні культурнага цэнтра Украіны. Вельмі сімвалічна, было даволі шмат украінцаў, ну і, безумоўна, большасць беларусаў. Супала гэта з сумнай датай, якую штогод узгадваюць беларусы – 29 кастрычніка, Ноч расстраляных паэтаў. Той, хто хоць троху цікавіцца гісторыяй Беларусі ведае, якую змрочную гісторыю мае дата асабліва для культурніцкай эліты Беларусі, бо менавіта ў гэтую ноч было расстраляна ў Курапатах каля 100 чалавек, прадстаўнікоў културніцкай беларускай эліты. Дык вось безумоўна мы не маглі абысці міма гэтую дату, проста зладзіць канцэрт і ўсё, адмысловыя былі складзены праграмы як гуртом J:Mors, так і гуртом Volski. Спяваліся песні па-украінску і па-беларуску, узгадваліся рэпрэсіі і сталінскіх часоў і часоў лукашызма, гаварылі пра права людзей змагацца за сваю свабоду, за незалежнасць сваёй краіны, за свае нацыянальныя каштоўнасці, што зараз робяць беларусы, як унутры Беларусі, так і па-за яе межамі. Што робяць цяпер ўкраінцы, змагаючыся супраць расейскіх акупантаў на сваёй зямлі і што робяць беларускія добраахвотнікі, якія дапамагаюць украінцам, ваюючы, як яны кажуць, за нашу і вашу свабоду. Таму канцэрт найперш быў прысвечаны гэтай тэматыцы.
– Распавядзі пра вандроўку сваёй кнігі „Беларуская нацыянальная ідэя” па Амерыцы, прэзентацыя якой адбываецца пры нагодзе.
– Так, арганізатары канцэрта, а гэта кампанія „Вясна Рэкардз”, якую арганізавалі сумесна беларускія і ўкраінскія прамоўтары, даўно яны тут жывуць і займаюцца такой справай. Але калі нечакана паступіла прапанова мне далучыцца да гэтага музычнага тура з нашай кнігай, бо, як я сказаў, людзі даўно жывуць і працуюць у ЗША, але яны сочаць за тым, што адбываецца ў Беларусі і заўважылі з’яўленне праграмы і кнігі пра нацыянальную ідэю, таму прапанавалі далучыцца. Прычым, беларускія дыаспары ва ўсіх гарадах, дзе праходзіць наш тур, а прайшлі ўжо тры канцэрты – Нью-Ёрк, Філадэльфія і Чыкага, наперадзе яшчэ два канцэрта ў Сан-Францыска і Лос-Анджэлесе, папрасілі, каб я не толькі вёў канцэрты і расказваў пра кнігу, а па-за межамі канцэртаў ладзіў сустрэчы з беларускай дыаспарай. Так шмат людзей прыйшло на сустрэчу, што прыйшлося канцэрт крыху затрымаць, бо людзі мяне не адпускалі і не было каму пачаць канцэрт.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Беларускае Радыё Рацыя