Зміцер Назараў пра Men’s Fest, грошы і планы на будучыню



Змітра Назарава ведаюць як кіраўніка прома-суполкі “Зала чакання” і івэнт-менеджэра канцэртаў альтэрнатыўнай музыкі і культурніцкіх падзеяў ў Берасці. Акурат на кастрычнік-лістапад месяцы традыцыйна ўжо выпадаў ягоны штогадовы праект Men’s Fest, які вядзе сваю гісторыю з 2009 года. Аднак у беларускай інфармацыйнай прасторы на гэты год анонсу мерапрыемства меламаны так і не дачакаліся. На пытанне: “Куды падзеўся Men’s Fest?”, – спрабуе адказаць сам Зміцер.

nazarau

Зміцер Назараў: У гэтым годзе ён ужо не будзе праводзіцца, але ёсць думкі на наступны год сабрацца з сіламі, з фінансамі. Гэты год атрымаўся цяжкаватым у фінансавым плане, і няма мажлівасці правадзіць гэты фестываль. Планку паніжаць не хочыцца, а ўтрымаць на тым узроўні, які быў, – ужо цяжкавата.

РР: Не будзе змены фарамата альбо назвы?

Зміцер Назараў: У Men’s Fest-a і фармата як такога не было, ад году да году розныя музыкі там выступалі. Даць прытулак якаснай беларускай і не толькі беларускай музыцы – адзіны фармат.

РР: Якія асноўныя прычыны таго што не атрымалася?

Зміцер Назараў: Грошы. Шчасце не ў грошах, але ўсё ў грошы ўпіраецца.

РР: Спонсараў не намагаліся шукаць?

Зміцер Назараў: Намагаўся, але каму ў нашай краіне пры сённяшнім яе стане цікава фінансаваць нейкую музыку. Усе разумеюць, што грошы з гэтага не заробіш, людзей там мільёны не будзе і рэкламы там на шырокае кола не атрымаецца. Таму і грошы адпаведныя ніхто не выдаткоўвае на гэта, а людзі, якія ў мінулыя разы мне хоць нейкімі грашыма дапамагалі, проста з-за спачування да нейкіх гуртоў, музыкі, да той справы якую раблю, зараз самі кажуць: “Мне б хто дапамог, я б падзякаваў”.

РР: Нейкія водгукі былі ад людзей? Яны задваліся пытаннем?

Зміцер Назараў: Пішуць мне, пытаюцца: “Ці будзе ў гэты год Men’s Fest?  Як там выступіць? Калі будуць квіткі ў продажы?”, але, на жаль, у гэтым годзе не атрымалася, можа ў наступным годзе зробім, працягнем, а не адновім. Хочацца каб у нас у горадзе быў нейкі фестываль, калі людзі ўжо ведаюць што кожны год Men’s Fest і нешта цікавае на ім безумоўна будзе.

РР: Якія асноўныя праблемы ў арганізацыі нейкіх падзеяў, івэнтаў, як вы кажаце, здараюцца ў Берасці?

Зміцер Назараў: Праблема ў тым што людзі слаба наведваюць гэтыя мерапрыемствы. Мне падаецца, што гэта ўсё зноў упіраецца ў грошы. Людзі ўзважваюць для сябе: “Мне аддаць пяць-шэсць даляраў на квіток, альбо купіць дамой нешта паесці, ці дакласці да новых джынсаў, бо старыя ўжо працерліся на д…пе?” Мне падаецца гэта ўсё ад эканамічнага нашага стану, на жаль. Цяжка думаць пра культуру, калі ж…ць н…фіг.

РР: Сітуацыя такая толькі ў Берасці, альбо па ўсіх малых гарадох?

Зміцер Назараў: Я б сказаў што і ў Менску людзі меней ходзяць на імпрэзы і ўжо няма поўных “палацаў спорта”. Так, ёсць канешне, “Океан Эльзи” якія прыязджаюць і любую залу яны набіваюць, але тое, што раней збірала, зараз усе арганізатары гэта зазначаюць, збіраюць меней. Я не думаю, што знікае нейкая зацікаўленасць у людзей да гуртоў, да выканаўцаў. Я таксама адчуваю, што мне грошаў не хапае. Раней мог не думаць, напрыклад: “Вось, я хачу, класны канцэрт, я пайду схаджу, я не паруся за квіток”. Не так часта ходзіш, таму можна адшкадаваць і пайсці на той канцэрт, паслухаць той гурт. А зараз ты ўжо ў роздуме – ісці ці не ісці. Калі ж гэта выпадкова, то ўвогулле не зрываешся.

“Усе мы разумеем што зараз цяжка, аднак я б параіў аматарам якаснай музыкі не адчайвацца і ўсё ж наведваць канцэрты, якія адбываюцца ў нашым горадзе. Не ўсе прыбыткі ідуць у кішэню Назараву, паверце. Большая частка з іх перакрывае выдаткі на музычныя падзеі, якія і спрабуем зладзіць для гараджан”, – зазначыў Зміцер.

Цалкам гутарка ў гукавым фармаце

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.

Фота budzma.by