Зміцер Вайцюшкевіч адсвяткуе 25 гадоў на сцэне



2 лістапада ў вялікай зале КЗ «Менск» адбудзецца вялікі сольны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча «25 гадоў на сцэне». У святочнай імпрэзе возьме ўдзел гурт WZ-Orkiestra, а таксама адмысловыя запрошаныя госці, імёны якіх будуць абвешчаны паздней.

Зміцер Вайцюшкевіч – спявак і музыка, кампазітар і прад’юсар, уладальнік шматлікіх наград і ганаровых званняў. Сваю кар’еру ён пачынаў у фолк-гурце «Палац» (1992-1998), потым разам з Веранікай Кругловай стаў адным з галоўных сімвалаў Kriwi (1997-2001).

На пачатку 2000-х Вайцюшкевіч распачаў паспяховую сольную кар’еру, у межах якой ён прайшоў шлях ад фолк-апрацовак да сучаснай нацыянальнай песні – не фолкавай па сваёй сутнасці, але беспамылкова беларускай па сваім музычным і лірычным паходжанні. Пра гэта красамоўна сведчаць усім вядомыя «Раскажы мне пра дождж», «Месяц – жоўтая лодка», «Я ішоў да цябе», «Дачакайся, матуля» і шмат іншых.

Зміцер Вайцюшкевіч «Дачакайся, матуля»

Зараз на рахунку Змітра больш за 15 альбомаў і канцэртных праграм на вершы вядомых беларускіх паэтаў: Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага, Уладзіміра Някляева, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Караткевіча, Адама Русака і іншых. Шмат хто нават жартуе, што для прапаганды беларускай паэзіі Вайцюшкевіч зрабіў больш, чым міністэрства культуры. – Плануем вялікі канцэрт са святочным настроем і добрымі песнямі. Гэта будзе падарожжа праз розныя часы, гурты і праграмы. Прагучаць песні, якія ведаюць усе. Нават тыя, якія я ўжо даўно не выконваў, – каментуе Зміцер Вайцюшкевіч.

Зміцер Вайцюшкевіч «25 гадоў на сцэне»

2 лістапада – КЗ «Менск» – 19:00

Квіткі: ад 20 да 28 рублёў

Продаж: касы і сайт Kvitki.by, каса КЗ «Менск»

Інфалінія: (033) 661 14 32