Зміцер Вайцюшкевіч даў дабрачынны канцэрт у галерэі „Ў”



Зміцер Вайцюшкевіч выступіў у менскай галерэі „Ў”. Канцэрт адбыўся ў падтрымку кнігарні „Логвінаў”. „Гэтая пляцоўка і гэтыя людзі вартыя салідарнасці, вартыя падтрымкі. Не патрабуецца здымаць апошнюю кашулю і прадаваць на карысць Логвінава. Але гэта беларуская справа, якая патрабуе ўвагі”, – кажа спявак.

– Таму я лічу, хто чым можа… Нехта можа купіць кніжку і яе падараваць недзе ў бібліятэку. Хто можа прынесці капейчыну. І таксама артыстычныя акцыі, якія прыцягваюць увагу шырокйа грамадскасці.

За месяц, што ідзе грамадзянская кампанія #SaveLohvinau, сабралі палову сумы штрафу — прыкладна 32,5 тысячы даляраў.

У кастрычніку 2013 году выдавецтву «Логвінаў» скасавалі ліцэнзію за выданне альбома «Прэс-фота Беларусі-2011», які прызналі экстрэмісцкім. У студзені гэтага году эканамічны суд гораду Менску вынес рашэнне, што «Кнігарня Логвінаў» мусіць сплаціць штраф памерам 967 мільёнаў беларускіх рублёў. Фактычна гэта гадавы абарот прадпрыемства, штраф для кнігарні — непад’ёмны.

03_vojtushkevich

Беларускае Радыё Рацыя. Паводле БелаПАН.