Зміцер Вайцюшкевіч: Гэта знак і Міхалку, і Вольскаму



Студыю Беларускага Радыё Рацыя наведаў вядомы музыка Зміцер Вайцюшкевіч. З ім пагутарыў наш журналіст Улад Грынеўскі.

DSC02384

РР: Чым будзе адметны сённяшні беластоцкі кацэрт, будзе нейкая адмысловая праграма?

– У першай частцы канцэрта – прэм’ера дыска на вершы і музыку чэшскага барда Яраміра Нагавіцы, у перакладах Віталя Воранава і Андрэя Хадановіча. Я буду з Аляксандрам Шувалавым, які зайграе на баяне. З ім заўсёды весялей, хоць я і самадастатковы артыст, але з Аляксандрам заўсёды багацей выглядаю.

РР: Апошнюю навіну, якую мы атрымалі, 24 лютага вам забаранілі выступіць у Менску з нагоды дня нараджэння Рыгора Барадуліна. Я так разумею, што не здзівілся вы такому рашэнню. Ці ўсё ж былі нейкія спадзяванні, што “разблакуецца” той працэс забаронаў выступаў у Беларусі?

– Хацелася б неяк весела адказаць на гэтае пытанне. Справа ў тым, што я апошнім часам сябе адчуваю як жанчына, якая трошкі ў гадах, для якой час ад часу паступаюць прапановы, і ў апошні момант гэты кавалер знікае. Дык вось, у дадзеным выпадку, як жанчына трошкі ў гадах, не здзіўляюся такім „абломам”, калі так можна сказаць. Але, канешне, асадак застаўся. Нават нягледзячы на тое, што з’еду на паўгады ў Варшаву па стыпендыі, тым не менш хацелася б, каб дзень народзінаў Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна адбыўся і з маім удзелам.

РР: Такім чынам не дазволі вам гэта зрабіць. Там трэба было атрымаць нейкае канцэртовае пасведчанне. Як увогуле гэта зараз адбываецца ў Беларусі? І вы не адказалі на пытанне: ці былі спадзяванні, маўляў, палагаднелі там і нарэшце дазволяць?

– Справа ў тым, што мы не ведаем, хто павінен палагаднець і ці ёсць там нейкі ненавісьнік асабіста Вайцюшкевіча, ці ненавісьнік Міхалка, ці Вольскага. Ці можа ляжыць перад гэтым функцыянерам нейкі спіс неблаганадзейных артыстаў. Таму што я не раз казаў, што спадзяванні былі. Бо за тыдзень перад канцэртам яны сказалі, шанец ёсць, дайце толькі тэксты песень. І я ад шчырага сэрца даслаў ім тэксты Рыгора Барадуліна, якія былі на маёй старонцы альбому “Паравоз кахання”. І натуральна, што ў тых тэкстах можна ўбачыць эратычныя моманты. Таму што там ёсць тры песні пра каханне, але яны смешныя, дасціпныя, бо дзеці не з неба падаюць, і наш Народны паэт пра гэта добра ведаў. Відаць ім трэба была проста нейкая прычына, каб адмовіць. Таму калі б мяне асабіста запыталі: як я стаўлюся да таго, што дазволяць, ці не дазволяць канцэрт “Brutto” ў Менску, то я думаю, што не.

DSC02380

РР: То бок, на сваім уласным досведзе?

– Мне здаецца, што гэта такі знак і Міхалку. Хаця мы прывыклі, што знакі нейкім чынам улада пасылае праз палітыкаў, праз нейкія заявы. А тут усё ж такі дзень народзінаў паэта, якога з намі няма. І Барадуліна ўжо пачалі трохі па беларускім радыё ў “Культуры” і на першым нацыянальным канале цытаваць, чытаць, узгадваць часцей, чым нават пры жыцці. Таму, мне здавалася, што гэта абсалютна нармальны працэс. Але, не.

РР: А якая на сённяшні дзень грамадская атмасфера ў Беларусі? Прыходзяць супярэчлівыя весткі, напрыклад, нядаўна збілі ў судзе журналіста.

– Варта запрасіць больш дасведчанага эксперта. З майго пункту гледжання – трывожная атмасфера. Таму што эканамічная сітуацыя ўвесь час пагаршаецца. І тыя людзі, якія зарабляюць толькі ў беларускіх “зайчыках”, яны адчуваюць сябе падманутымі. Таму што сёння курс адзін, заўтра другі. І увесь час заробак змяншаецца.

РР: А вы калі-небудзь думалі над тым, вось тыя людзі, якія вырашалі: даваць дазвол ці не даваць, маўляў, не дамо Вайцюшкевічу, каб чаго не атрымалася. Або не дамо Вайцюшкевічу, бо гэты Вайцюшкевіч ай-ай-ай…

– Я не ведаю, што ў іх у галовах. Каб было з кім пасядзець, выпіць… Год назад я паабяцаў скрыню каньяку журналісту Сяргею Будкіну, калі ён хоць адзін канцэрт арганізуе. Аказалася, што гэта складаная справа. І дабіцца нейкай праўды – праз звароты і відэа, як гэта робіць Сярожа Міхалок, ці праз нейкія добрыя паводзіны – немагчыма. Вольскі, напрыклад, сказаў, што ён грукацца да нікога не збіраецца, прыйдзе час – дзверы самі адчыняцца. Паглядзім.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Васіля Кроквы