Зміцер Вайцюшкевіч: Нам усім трэба працаваць на беларускую справу



У 2020-м годзе вядомы беларускі кампазітар, выканаўца і прадусар плануе пазнаёміць слухачоў з песнямі на вершы Алеся Разанава:

– Ёсць планы зрабіць праект – электронны, шмат функцыянальны – там і графіка, і праекцыя, і музыка. Я працую над праектам, планую, можа, зрабіць нейкі перформанс. Але гэта будзе залежаць і ад маёй фантазіі, і адматэрыяльных рэсурсаў. Але самае галоўнае зараз – гэта песні, і жаданне гэта ўсё ўвасобіць.

Таксама Зміцер Вайцюшкевіч плануе працу з вершамі маладых паэтаў – Віталя Рыжкова і Мікіты Найдзёнава, працягне займацца стварэннем альбома на вершы Алеся Ліпая, а таксама хоча напісаць нізку дзіцячых песень на вершы Аляксея Пысіна. Апрача музычнай творчасці, Зміцер Вайцюшкевіч мае ідэі, што да далейшага развіцця ягонай аграсядзібы – хутара Вайцюшкі, які ўжо даўно ператварыўся ў арт-тэрыторыю, дзе праводзяцца канцэрты, фестывалі і пленэры.

Музыка шмат выступае, і гэты год для Змітра Вайцюшкевіча распачаўся з калядных канцэртаў у розных гарадах. Вельмі часта ён звяртаецца да сваіх слухачоў з пытаннем, што б яны хацелі пачуць. І разважае, ад чаго гэта залежыць:

– Ад настрою, ад пахаў, ад пары году, ад сітуацыі ў краіне. Калі былі “чорныя спісы”, натуральна, прасілі праспяваць “Красуню-вясну”. Цяпер гэтыя спісы сатлелі, і хочацца верыць, што назаўжды… Часта просяць “Галоднага ваўка”, часам “Сцяг” , пад настрой. Розных песень шмат, і я думаю, што песня таксама мае дачыненне да голасу незалежнасці.

Зміцер Вайцюшкевіч мяркуе, што песня можа аб’яднаць беларусаў, і вельмі важна, каб гэта быў агульны хор усяго народу.

Цалкам гутарку са спеваком і кампазітарам, выканаўцам, прадусарам Змітром Вайцюшкевічам слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя