Зміцер Вайцюшкевіч весяліў “Зялёную гулянку”



У фермерскай гаспадарцы “Верас” Зэльвенскага раёна адбылася “Зялёная гулянка” (Organic party) — адно з мерапрыемстваў інфакампаніі “Простыя рэчы”, якая рэалізуецца беларускім грамадскім аб’яднаннем “Адпачынак у вёсцы” і Міністэрствам спорту і турызму ў рамках праекта ПРААН “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”.

Сядзіба “Верас” на Зэльвеншчыне выбрана невыпадкова. Яна – адна з самых вядомых аграсядзібаў, і, што вельмі важна, першая ў Беларусі сядзіба-фермерская гаспадарка. Яе гаспадары – Ірына і Міхась Макеі, былі першапраходцамі аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь.

“Зялёная гулянка”  у “Верасе” складалася з тэматычных блокаў, падчас якіх адбываліся прэзентацыі кніг ”Сакатала бочачка” і “Народная кухня Лепельшчыны”, прэзентацыя прац беларускіх дызайнераў, адкрыццё парку скульптур, дэгустацыя ад фермерскіх гаспадарак і турыстычных кластэраў, прэзентацыя праекта пра слімакоў, прэзентацыя вынікаў кулінарных экспазіцый у Зэльвенскім раёне “ Крамяніцкі вузельчык” і многія іншыя.

Але самым яркім і вясёлым на ”Зялёнай гулянцы” было выступленне беларускага барда Зміцера Вайцюшкевіча. Яго шчыра на сцэне павітаў намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама Валянцін Семяняка, які, дарэча, сам піша вершы па-беларуску і адзін з іх прачытаў прысутным. А Зміцер Вайцюшкевіч спяваў песні на самыя розныя тэмы, найперш звязаныя з беларускай стравай, традыцыямі і жартамі. Яго шчыра віталі ўсе ўдзельнікі свята і запрашалі выступаць часцей.

Аксана Фок, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён

Фота аўтара