Зміцер Вайцюшкевіч выпраўляецца ў вялікае турнэ



Зміцер Вайцюшкевіч выпраўляецца ў вялікае гастрольнае турнэ па Канадзе і Злучаных Штатах. Таксама ў планах – выступы ў Швайцарыі і Маскве, хоць музыка прызнаецца, што і сам здзіўлены тым, што ў расейскай сталіцы яго песні запатрабаваныя.

Зміцер Вайцюшкевіч у размове з нашым радыё падзяліўся сваёй вялікай творчай марай:

– Выступы – гэта такая звычайная артыстычная праца, і я вельмі рады, што ў розныя краіны планую ехаць, бо і там патрэбная беларуская песня. Ведаеце, у мяне ўвогуле ёсць мара, каб беларускія песні былі бачныя і пазнавальныя ва ўсім свеце. Каб краіну па песні можна было пазнаць. І можа калі-небудзь, нехта іншы альбо я, мы гэта зробім, каб, як па тых “макарэнах” ці па Брэговічу, пазнавалі і нашу краіну. Ну, будзем старацца.

vajtsyushkevich

У творчай скарбонцы Змітра Вайцюшкевіча блізу двух дзясяткаў альбомаў. Апошняя праца – гэта альбом “Камэта”, які запісаны на песні вядомага чэшскага паэта і спявака Яраміра Ногавіцы ў перакладзе на беларускую мову Андрэя Хадановіча і Віталя Воранава. Альбом, які пабачыў свет у канцы 2015 года, ухваліў і аўтар песень Ярамір Ногавіца.

Зміцер Вайцюшкевіч расказаў, што сёлета атрымалася выступіць з песнямі Ногавіцы перад самім аўтарам:

Я вельмі хваляваўся і шмат спадзяваўся на гэтую сустрэчу. Ён сказаў, што “я такі самы, як ён”, і што яму падабаецца альбом. Мы сустрэліся, і гэта мяне неяк так супакоіла. Я зараз такі самы, як Ногавіца… (смяецца – рэд.). І спадзяюся, што ўсё ж такі некалі Ярамір прыедзе і ў Беларусь. Вось у Польшчы ён вельмі вядомы, а ў Беларусі яго яшчэ не ведаюць добра, таму будзем старацца, каб гэта змянілася.

Праўда, зладзіць афіцыйную прэзентацыю альбома “Камэта” ў Беларусі Зміцер Вайцюшкевіч пакуль не мае магчымасці. Затое літаральна некалькі дзён таму музыка даў два канцэрты на Падляшшы ў Бельску Падляшскім і Беластоку ў межах фестывалю “Бардаўская восень 2016”.

Варта адзначыць, што з польскага боку мяжы Вайцюшкевіч таксама шырока вядомы і любімы публікай. Сёлета ў беластоцкім клубе “Zmiana Klimatu” на выступ з песнямі з альбома “Камэта” сабралася поўная заля слухачоў, і адметна, што гэта былі не толькі прадстаўнікі беларускай супольнасці ў Беластоку, а менавіта польскія слухачы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя