Зміцер Вайцюшкевіч заспяваў Нагавіцу ў Варшаве



Пераклады песень Яраміра Нагавіцы – іконы чэшскай музыкі – склалі новую кружэлку Зміцера Вайцюшкевіча. Свой новы дыск пад назвай “Камета” беларускі музыка прадставіў у польскай сталіцы, дзе таксама падзяліўся са слухачамі падрабязнасцямі запісу альбома.

камета

Зміцер Вайцюшкевіч: Мне вельмі спадабаўся і сам аўтар, і яго біяграфія. У яго няпростыя песні: яны і пра смерць, і пра старасць… Так пачалася праца. Нешта зрабілі. Вельмі выдатныя пераклады Воранава і Хадановіча. Яны гучаць абсалютна натуральна і па-беларуску, а таксама вельмі актуальныя для Беларусі.

Яшчэ адна прычына – гэта тое, што Ярамір Нагавіца – ікона ў Чэхіі,  Славакіі, Польшчы. Шмат дзе ў свеце. А ў Беларусі пра яго ніхто не ведаў. Таму мы зрабілі такі альбом, каб пра яго даведаліся ў Беларусі.

РР: Магчыма, вы штосьці асабістае ў яго творчасці знайшлі?

Зміцер Вайцюшкевіч: Моманты, калі чалавек знаходзіцца ў пэўным пошуку. Напрыклад, сталы мужчына, які ўжо сівее, задае сабе пытанні. Напрыклад, пра смерць. Разумею, што і ў больш раннім узросце людзі задаюць сабе такое пытанне, але ў гэтага 40-гадовага мужчыны разважанні вельмі кранальныя.

У Чэхіі Ярамір Нагавіца – як Акуджава ў Савецкім Саюзе, у Расеі, які, можа, і не меў голасу, але пісаў вельмі пранікнёныя песні і глыбокія, кранальныя вершы.

РР: А ў палітычным, сацыяльным кантэксце ў чым ён блізкі беларусам?

Зміцер Вайцюшкевіч: Усё можна прыцягнуць да палітыкі. Але тым не менш, гэта асоба, якая мела клопаты з арганізацыяй канцэртаў, бо былі яны забароненыя ў камуністычныя часы. Я таксама ўжо амаль 10 гадоў у Беларусі пад забаронай. Няма магчымасці нармальнай працы і сустрэчы з беларускай аўдыторыяй. Немагчымасць выказацца. Таму такія паралелі праводзяцца даволі проста.

Гэта варта вывучаць. Каб артыст у Беларусі (не толькі Вайцюшкевіч), але кожны, хто ў “чорным” спісе (Міхалок, Вольскі, беларускія паэты, палітыкі і іншыя), не меў забароны на прафесію, заставаўся самім сабой у гэтых цяжкіх абставінах.

РР: Над чым зараз працуеце?

Зміцер Вайцюшкевіч: Нейкая праца ідзе. Так, у гэтым годзе будзе 70-гадовы юбілей майго сталага суаўтара, таксама забароненага паэта і выканаўцы. Бо так, як чытае вершы Уладзімір Някляеў, у Беларусі мала хто чытае свае вершы. Я рыхтую яму на восень такі падарунак – праект з 10-11 амаль незнаёмых песень. Думаю, варта гэтаму чалавеку з няпростым лёсам проста аддзякаваць. Ну, і калі гэта атрымаецца, будзе праца над паэзіяй Максіма Танка.

Новы альбом “Камета” ў хуткім часе можна будзе паслухаць ў горадзе Астрава, дзе Вайцюшкевіч і Нагавіца ўпершыню сустрэнуцца асабіста і заспяваюцуь разам. Канцэрт плануецца на 2 красавіка.

[Not a valid template]

Гутарыла Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава