Зміцер Вайцюшкевіч з’язджае на паўгода ў Варшаву
Беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч атрымаў стыпендыю Міністэрства культуры Польшчы і часова пераязджае ў Варшаву. Бліжэйшыя паўгода музыка разам з сям’ёй правядзе ў польскай сталіцы. У Польшчы ж ён плануе вывучаць эстрадны музычны тэатр, каб потым стварыць нешта падобнае ў Беларусі.
Распавёў Зміцер Вайцюшкевіч:
– Гэта стыпендыя ад Міністэства культуры Польшчы. Яна спрыяе развіццю культурных, навуковых кантактаў, звязаных з Польшчай у тым ліку. Буду хадзіць па музычных спектаклях, бо музычных тэатраў у Польшчы ад Варшавы да Кракава досыць шмат. Буду хадзіць, размаўляць з людзьмі, і арганізоўваць сам сабе выступы. Асноўная мая праца – гэта музычная. І таксама буду працаваць над новымі праектамі.
Нягледзячы на пераезд, Зміцер Вайцюшкевіч гатовы прыязджаць у Беларусь з канцэртамі, калі іх дазволяць. З 2011 года ў яго былі праблемы з арганізацыяй канцэртаў у Беларусі, таму за мяжой у яго было больш канцэртаў чым на радзіме.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя