Зміцер Вішнёў пра новую кнігу: Гэта выклік бульварнаму чытву
У кнігарні „Логвінаў” прайшла прэзентацыя антырамана Змітра Вішнёва «Калі прыгледзецца – Марс сіні». Чытач не пабачыць тут класічнага аповеду з выразным сюжэтам – гэта твор з урыўкаў дыялогаў, калажных аповедаў пра касмічную кнігарню, яе гандляроў і наведвальнікаў, дзе нерэальнае перамешваецца з кароткімі развагамі пра літаруру ды літаратараў.
«Я лічу, што на сёняшні момант гэта лепшая мая кніга», – азначае аўтар Зміцер Вішнёў.
– Гэта выклік бульварнаму чытву, якое запаланіла нашы кніжныя паліцы. Я сам працую ў выдавецтве “Галіяфы” ўжо шмат гадоў. Шмат гадоў я сам пішу і тусуюся з літаратарамі. Заўсёды мне хацелася чытаць добрую літаратуру, якасную. Даволі часта трапляе літаратура няякасная, нецікавая, менавіта бульварная са знакам “мінус”. Гэта выклікала нейкую агіду, падштурхнула да напісання гэтага твора.
Прэзентоўваць антыраман «Калі прыгледзецца – Марс сіні» аўтару дапамагалі крытык Ірына Шаўлякова ды пісьменнік Віктар Жыбуль, выступіў таксама і рэдактар кнігі філосаф Валянцін Акудовіч. Ён заклікаў чытатоў выдання адкінуць усе ўяўленні пра кананічны раман. Папярэдняя празаічная кніга Змітра Вішнёва выходзіла восем гадоў таму.
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск