“Знакамітыя беларусы”: 5 новых выпускаў 2021 года



Студыя Haroshak.by прэзентавала 5 новых ролікаў у праекце “Знакамітыя беларусы”. Героі – Пане Каханку, Якуб Наркевіч-Ёдка, Ганна Цюндзявіцкая, Мікалай Судзілоўскі і Вацлаў Ластоўскі.

Пане Каханку (Караль Станіслаў Радзівіл) – адзін з самых знакамітых прадстаўнікоў роду Радзівілаў. Катаўся ў санях па солі, страляў у людзей, ладзіў “марскія” пабоішчы… Ролік расказвае пра самыя вядомыя показкі аб славутым Пане і пра адзін значны факт, які можа кардынальна змяніць уяўленне пра яго:

Якуб Наркевіч-Ёдка — вядомы навукоўца ХІХ стагоддзя. Эксперыменты з электрычнасцю ён паказваў па ўсёй Еўропе, а ў Парыжы пра яго выдалі кнігу. Наркевіч-Ёдка вынайшаў лізіметр, градаадвод, электраграфію і апарат, які стаў прататыпам сучаснага радыё:

Ганна Цюндзявіцкая – аўтарка легендарная кнігі “Літоўская гаспадыня”. Ролік расказвае, чаму кніга не проста зборнік кулінарных рэцэптаў і раскрывае амаль дэтэктыўную гісторыю з аўтарствам кнігі:

Мікалай Судзілоўскі – магілёвец, які стаў першым прэзідэнтам Гавайскіх астравоў. Праз усё жыццё ён вандраваў па свеце – ад Баўгарыі да Японіі – і ўсюды пачынаў актыўную барацьбу за незалежнасць прыгнечаных народаў:

Вацлаў Ластоўскі прайшоў шлях ад  хлопчыка на паслугах у віннай краме да прэм’ер-міністра БНР. Палітычныя прыгоды, праца ў „Нашай Ніве”, выданне неардынарнага часопіса „Крывіч” і знакавых для нас кніг – біяграфія багатая. Фінал трагічны: Ластоўскі вярнуўся ў БССР, дзе стаў ахвярай чэкістаў: 

Студыя Haroshak.by працуе з 2017 года. Праект «Знакамітыя беларусы» ахапіў больш за 100 асобаў нашай гісторыі – ад легендарнага князя Рагвалода да паэта Рыгора Барадуліна, ад сярэднявечнай ваяркі Анастасіі Слуцкай да легенды сцэны Стэфаніі Станюты.

Агучвалі ролікі вядомыя беларусы сучаснасці: аўтар “Падарожжаў дылетанта” Юрый Жыгамонт, пісьменніца Людміла Рублеўская, спявачка PALINA, мастак і музыка Андрусь Такінданг, лідар гурта “Sumarok” Ігар Палынскі, рэканструктар Юры Усціновіч і іншыя.

Усе выпускі знаходзяцца ў вольным доступе на канале студыі.

На сайце http://haroshak.by/ можна пачытаць яшчэ і тэксты пра нашых неардынарных сучаснікаў і годныя актыўнасці.

Паводле прэс-рэлізу