Зніклі каштоўныя рэчы Уладзіміра Мулявіна
Газета “Культура” 9 студзеня апублікавала вялікі шчымлівы артыкул-успамін пра народнага артыста СССР і Рэспублікі Беларусь, былога кіраўніка вакальна-інструментальнага ансамбля “Песняры”, кампазітара Уладзіміра Мулявіна (1941-2003), якому 12 студзеня споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння.
Аўтар успамінаў – вядомы даследчык беларускага мастацтва, сябра Уладзіміра Мулявіна Барыс Крэпак. У сваіх успамінах аўтар прыгадаў летнік і двухпавярховы асабняк Уладзіміра Мулявіна ў Лапаравічах каля Менску. Але пасля смерці Песняра, як згадвае Барыс Крэпак, “уся “сядзіба” Мулявіна накрылася медным тазам… Вясной 2016 года апусцелы дом быў прададзены ўдавой Песняра ды знесены новымі “крутымі” хлопцамі. І ўсё, што там было ўнутры (у тым ліку піяніна, кнігі, стосы фатаграфій і афіш, розныя прыемныя гаспадарчыя дробязі) знікла. Новыя ўладальнікі на гэтым месцы выбудавалі катэдж – і памяць пра былога гаспадара растала як сон, як ранішні туман…”.
Сапраўды, сумная гісторыя. І нікому каштоўныя рэчы славутага Песняра засталіся сёння непатрэбныя – ні Міністэрству культуры, ні Саюзу кампазітараў, ні музеям, ні сваякам….
Беларускае Радыё Рацыя