Знойдзена фота беларускай дзяячкі Надзеі Самчук
Пра гарадзенскую заходнебеларускую дзяячку Надзею Самчук вядома няшмат. У біяграфічным даведніку Андрэя Чарнякевіча „Постаці беларускага нацыянальнага руху ў Гродне 1909-1939” пра яе можна знайсці толькі кароткую інфармацыю. Самчук Надзея // Samczuczanka Nadzeja, настаўніца. Працавала ў беларускай прытулкавай школе ў Гародні. Сябра Беларускага дабрачыннага таварыства (1925), гарадзенскага гуртка Таварыства беларускай школы (1926). Самадзейная артыстка.
Яе імя таксама згадваецца ў віленскай газеце „Наша праўда” №4 (1927) у сувязі з „Працэсам 32” над чальцамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі:
– 9 красавіка у Горадзенскім Акружным Судзе будзе разглядацца справа 32 работнікаў, абвінавачаных ў прыналежнасьці да камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, якая мела на мэце адарваньне Заходняй Беларусі і далучэньне яе да Радавай. Збоку пракуратуры выстаўлена 27 сьведкаў. Галоўны сьведка – „фабрыкантка” гэтага працэсу Надзея Шушкевіч. Абвінавачаныя: Лейба Волынскі, Эдке Абрамовіч, Нахман Рэйзнэр, Мнуха Езёрска, Эстэра Крымска, Роха Рубінштэйн, Мікалай Антанюк, Надзея Самчук, Марыя Ламашэвічанка, Уладзімір Кузняцоў-Курбскі, Эшэль Любіч, Сеня Елін, Язэп Войцэх, Гірш Кузніцкі, Абрам Цыбульскі, Сьцяпан Прусак, Мікалай Стрэшка, Янкель Александровіч, Арон Зільбэрбэрг, Трайна Польніцкая, Абрам Бравэр, Арон Пайес, Янка Барада, Малка Атлас, Сора Міхалевіч, Гітля Шохновіч, Хая Шацка, Міхась Гарошка, Дора Зільбэрштэйн, Явель Кулік, Уладзімер Паддубік, Янкель Ваўпянскі (ўцёк).
Фотаздымак Надзеі Самчук выяўлены на старонках „Альбому палітычных злачынцаў” польскай дзяржаўнай паліцыі 20-х гадоў, які быў адсканаваны і выкладзены ў інтэрнэт для публічнага ўжытку. У альбоме акрамя імя і прозвішча пазначаны псеўданімы, якімі яна карысталася ў падпольнай дзейнасці „Надзя”, „Вера” ды інш, а таксама артыкул па якім праходзіла ў судзе.
Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя