Знойдзены барэльеф Адама Міцкевіча ўстанавілі ў Наваградку
У Наваградку на будынку былой дамініканскай гімназіі, дзе вучыўся вялікі паэт Адам Міцкевіч, урачыста адкрылі барэльеф Адама Міцкевіча. Урачыстае адкрыццё адбылося 8 лютага на тэрыторыі касцёла Святога Арханёла Міхаіла.
Барэльеф Адама Міцкевіча мог пайсці на металалом, але яго адшукалі наваградцы мінулай восенню і перадалі касцёлу, дзе яго аднавілі і ўстанавілі на будынку былой дамініканскай гімназіі. Аўтар барэльефа – невядомы, а быў зроблены ён на пачатку ХХ стагоддзя.
Падчас адкрыцця барэльефа Адаму Міцкевічу консул Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні Яраслаў Ксёнжак сказаў, што адкрыццё памятнага знаку Адаму Міцкевічу – важная падзея для нашай агульнай гісторыі. Спадчына Адама Міцкевіча належыць усяму свету, але пачалося ўсё менавіта тут, у Наваградку.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел жыхары Наваградчыны, а таксама госці з іншых рэгіёнаў Беларусі і Польшчы. А таксама біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч і біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’яненка.
Беларускае Радыё Рацыя, Наваградак
Фота novgazeta.by