Знойдзены першы пераклад на беларускую мову «Яўгенія Анегіна»



Гэтую знаходку можна назваць літаратурнай сенсацыяй. Знойдзены першы пераклад на беларускую мову рамана ў вершах Аляксандра Пушкіна «Яўгеній Анегін», які 80 гадоў лічыўся страчаным.

Даследчыца беларускай літаратуры Ганна Севярынец адшукала прыватны архіў Алеся Дудара, у якім і знайшоўся ягоны пераклад.

                                                    Алесь Дудар

Сам паэт стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій у 1937 годзе.

Усе гэтыя гады архіў Дудара захоўваўся ў яго сваякоў у Менску, і ніхто ім не пацікавіўся.

– Я адшукала ягоных сваякоў. Шукала іх не для таго, каб знайсці пераклад. Я нават падумаць не магла, што ён ёсць. Я шукала, каб даведацца пра біяграфічныя звесткі, бо да сёння няма талковай біяграфіі Алеся Дудара. І вось, шукала  – і адшукала.

                            Ганна Севярынец

У тагачасным друку былі надрукаваныя толькі першая і трэцяя часткі рамана. Цалкам пераклад лічыўся страчаным.

Ганна Севярынец паведаміла, што ўкладае кнігу выбранага Алеся Дудара, у якой ўпершыню і будзе надрукаваны гэты пераклад славутага твору Пушкіна.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя