Знойдзены ўнікальныя звесткі пра архітэктуру Гомеля
Жыхары Гомеля Марыя Булавінская і Сяргей Ляпін знайшлі ўнікальныя звесткі пра гарадскую архітэктуру 20 стагоддзя. Папрацаваўшы ў архівах па-за межамі Беларусі, гамельчукі знайшлі невядомыя будынкі, якія праектаваў архітэктар Станіслаў Шабунеўскі. Гісторык Марыя Булавінская распавядае пра ўнікальнасць сабранай інфармацыі.
– Мы знайшлі шэраг невядомых будынкаў, якія праектаваў архітэктар Станіслаў Шабунеўскі. Гэта будынкі па вуліцы Румянцаўскай. У асноўным гэтыя будынкі спраектаваныя ў яго любімым стылі мадэрн. Пра іх нічога не сказана ў вядомых нам навуковых працах. Мы знайшлі планы будынкаў. Знайшлі і іншыя будынкі.
Архітэктар Сяргей Ляпін сцвярджае, што будынкі Станіслава Шабунеўскага ўнікальныя не толькі для Гомеля, але і для ўсёй Беларусі.
– Гісторыя Беларусі практычна не ведае майстраў, якія б паспелі папрацаваць з канца 19-га стагоддзя ажно да 30-х гадоў 20-га стагоддзя. То бок, архітэктар Станіслаў Шабунеўскі захапіў вельмі шырокі дыяпазон стыляў – эклектыка, мадэрн, паслярэвалюцыйныя пошукі новай архітэктуры, затым канструктывізм і ўжо постканструктывісцкія рысы мы заўважаем у ягоных апошніх помніках.
Архітэктар Станіслаў Шабунеўскі 70 год заставаўся невядомым для жыхароў Гомеля, нягледзячы на шматлікія будынкі, спраектаваныя творцам у Гомелі. На ягонае імя забыліся пасля таго, як Шабунеўскага рэпрэсавалі ў 1937 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота busphoto.ru