Зноўку вандалізм у „віцебскіх Курапатах”
Невядомыя зламалі 9 драўляных крыжоў, што былі ўсталяваныя каля месцаў масавых пахаванняў, паказаных удзельнікам ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” жыхарамі вёскі Хайсы Віцебскага раёну.
Пра гэтае месца “сталінскіх” расстрэлаў стала вядома ў лістападзе 2014-га года, калі ў лесе так званыя “чорныя капальнікі” павыкідалі на паверхню чалавечыя косткі. З тае пары там ствараецца самаробны мемарыял: актывісты ўсталявалі больш за 30 крыжоў у памяць пра загінулых.
Апрача крыжоў, невядомыя знішчылі указальнікі, распавёў стваральнік ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” Ян Дзяржаўцаў:
-Падчас добраўпарадвакання ўбачылі, што 9 крыжоў было знішчана. Паламаныя валяліся. І два ўказальнікі, што тут месца “сталінскіх” расстрэлаў , і метраж – колькі метраў датуль . Адзін указальнік быў зрэзаны – самы першы. Я лічу, гэта зроблена наўмысна, каб не было відаць, куды ісці.
Калі падобная гісторыя здарылася ў 2015-м годзе, удзельнікі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” звярталіся ў міліцыі, каб супрацоўнікі знайшлі вінаватых. Але актывістам адмовілі, прызнаўшы надта нязначнай суму матэрыяльнай шкоды. Больш у міліцыю яны звяртацца не плануюць, бо лічаць гэта марнай справай. Але збіраюцца аднавіць усе зламаныя крыжы, кажа Ян Дзяржаўцаў. У тым ліку і тыя два, якія знайшлі паламанымі ў мінулым месяцы.
Беларускае Радыё Рацыя