Зорка Венера ўзышла над Глыбоцкай зямлёю



«Зорка Венера ўзышла над зямлёю» – мастацкі пленэр на чале з Алесем Пушкіным адбыўся на Глыбоччыне. У ім удзельнічалі 8 мастакоў, якія напісалі за тыдзень 24 карціны. Тры з іх яны падаравалі гасцінным гаспадарам аграсядзібы «Сястра Зямлі» Венеры Азізавай і Алегу Зізетку, якія прымалі іх у сябе, і адну карціну – натуршчыцы Ганне Шпакавай.

Паводле Венеры Азізавай, асноўная ідэя іх пражывання на сваёй сядзібе на Глыбоччыне – сабраць як мага больш вакол сябе творчых людзей:

– Гэта неверагодны вопыт зносін, які нас усіх узбагаціў. І кожны дзень назіраць за тым, як мастакі пішуць, – гэта быў вялікі прывілей для нас. Кожны мастак мае права на свой голас. Напрыклад, размаўляючы з чалавекам, можна дзяліцца эмоцыямі: пасварыцца, пакрыўдзіцца і знервавацца, а гледзячы на карціны кожны прыдумляе сваю гісторыю. І мне гэта вельмі падабаецца.

Мастакі ў сваіх працах раскрылі тэмы кахання, космасу, прыроды ды іншыя.

Як кажа мастак Алесь Пушкін, на пленэр ён запрасіў маладых мастакоў, у асноўным былых навучэнцаў Глебаўскай мастацкай вучэльні.

– Я люблю, калі прыязджаюць маладыя, барадатыя, адвязаныя хлопцы і дзяўчаты. Вы паглядзіце, якія ў нас мастакі! Звычайна мастакі збіраюцца і пішуць пейзажы або партрэты якіх-небудзь вядомых людзей, а ў нас пленэр унікальны – ён прысвечаны мужчыне, жанчыне і каханню. І гэтая ідэя павінна адлюстравацца ў нейкай форме на палатне. Думаю, што ўсе мастакі яе напісалі.

Падчас пленэру мастакі ладзілі прэзентацыі сваёй творчасці, прагляд кінафільмаў, стваралі арт-аб’ект, а напрыканцы адбыўся вернісаж. На імпрэзу былі запрошаныя літаратары, журналісты, сябры, грамадскія актывісты Глыбоччыны і Віцебскай вобласці. Перад прысутнымі выступілі музыка Піт Паўлаў і яго жонка Алеся Шагун.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Смоткіна