„Зоркі лідскіх небасхілаў”
15 верасня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы пройдзе фестываль кнігі і друку „Зоркі лідскіх небасхілаў”.
Асноўнай мэтай фестывалю з’яўляецца захаванне, развіццё і папулярызацыя кніжнай культуры. У Дзень бібліятэк Беларусі на пляцоўцы каля Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы разгорнуцца кніжна-ілюстрацыйныя выставы, забаўляльная пляцоўка „Рэбусленд”, дзіцячая гульнявая зона, свабодны кнігаабмен „Чыталі, чытаем і будзем чытаць!” і разнастайныя майстар-класы.
Гасцей фестывалю чакае насычаная і займальная праграма, у якой кожны зможа знайсці сабе занятак па гусце. Майстар-клас „Мастацтва пісьма” пазнаёміць удзельнікаў з гісторыяй узнікнення пісьма і кнігі, а таксама дасць магчымасць паспрабаваць напісаць пісьмо на бяросце, у тэхніцы вузельчыкавага пісьма і клінапісу. Ахвочыя змогуць паўдзельнічаць у займальным і жартаўлівым майстар-класе „Другое жыццё газеты”, а аматары чытання ў ацэнцы і абмеркаванні бібліярэйтынгу „Любімыя кнігі”.
Запрошанымі гасцямі фестывалю стануць лідскія літаратуразнаўцы, краязнаўцы, прадстаўнікі Лідскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, мясцовых выдавецтваў, друкарняў і прэсы („Лідская газета”, “Наша слова”).
Беларускае Радыё Рацыя