„Зорныя” вечарыны Цімафея Авіліна
Этнаастраном, супрацоўнік Акадэміі навук Цімафей Авілін ладзіць прэзентацыі сваёй дэбютнай кнігі ў розных гарадах Беларусі. Выданне называецца “Этнаастраномія: Паміж небам і зямлёй”. Гэта першая ў гісторыі кніга пра традыцыйныя ўяўленні беларусаў, датычныя зорнага неба.
– Збіраўся матэрыял як з літаратуры, так і ў экспедыцыях. Самае галоўнае, што яшчэ бліжэйшыя гадоў 20 будзе рэальна запісаць нейкі новы і ўнікальны матэрыял. Так, зусім нядаўна мае знаёмыя ездзілі ў Ваўкавыскі раён і запісалі, што там нібыта ёсць сузор’е Ваўчыцы. Што гэта за сузор’е – пытанне. Але сам факт вельмі цікавы: дагэтуль можна запісаць унікальныя назвы.
Бліжэйшая этнакасмалагічная вечарына Цімафея Авіліна пройдзе ўжо сёння, 22 лістапада, у Бабруйску ў межах курсаў “Мова Нанова”. 28 лістапада – у Гародні, а 5 снежня – у Полацку ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя