Зоя Белахвосцік: Беларусы не супакоіліся. Мы ўсе рыхтуемся да вясны
Пратэсты ў гарадах Беларусі цяпер выглядаюць іначай, але ў гэтым няма нічога дзіўнага, адзначыла ў нашым эфіры Народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік.
РР: Ці сочыце вы за тымі лакальнымі акцыямі пратэсту, якія па-ранейшаму адбываюцца? Вы больш скептык ці аптыміст у гэтым накірунку? Усё часцей гучыць, што акцыяў больш няма, яны скончыліся. Як вам гэта бачыцца?
Зоя Белахвосцік: Я і не аптыміст, і не скептык. Я, напэўна, проста рэалістка. Акцый у нас хапае на Беларусі. Яны зусім іншыя. І я так лічу, што нашае супраціўленне больш пайшло ўнутр кожнага чалавека. І зусім дзіўна было б, каб людзі самі нарываліся. І так захопліваюць і затрымліваюць. Учора затрымалі 20 чалавек у Маладэчне. Калі ўжо дайшло да таго, што бабулек здымаюць з электрычак за тое, што яны чытаюць беларускую літаратуру, то нарывацца, каб сесці, гэта не самае лепшае. Я не думаю, што беларусы супакоіліся. Я думаю, што мы ўсе рыхтуемся да вясны. Збіраем моц, збіраемся з сіламі, з духам. І нешта будзе!
РР: Зараз актывізавалася пытанне Купалаўскага тэатра. Хочам ад вас пачуць праўдзівую інфармацыю. Спачатку Вера Палякова сказала, што гэта Павел Латушка прымусіў акцёраў, разбамбіў Купалаўскі тэатр. А потым нават Зянон Пазняк Паўла Латушку абвінаваціў у тым, што ён нібыта спрычыніўся да таго, што купалаўская сцэна была знішчана. Складана паверыць, што Зоя Белахвосцік, або іншыя акцёры больш слухалі Латушку, чым сваё сэрца.
Зоя Белахвосцік: Я наогул стараюся не заўважаць гэтыя вар’яцкія і бязглуздыя выказванні. І нават не хочацца пераходзіць на асобы. Я разумею, што не выказацца Вера Палякова не можа, таму што яна той чалавек – які той чалавек. Яна знаходзіцца ў гэтым, як кажуць, “харчовым ланцугу”. І гэта ўсё ў стылі ілжывай, цынічнай, зусім бяздарнай прапаганды, якая патрабуе стварыць вобраз ворага. І з Паўла Паўлавіча яны хочуць зрабіць ворага.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з асабістага архіва Зоі Белахвосцік