“Званы Сафіі” працягваюць знаёміць з еўрапейскай арганнай музыкай



У Полацку ў канцэртнай зале Сафійскага сабора працягваецца ХХІІ Міжародны фестываль арганнай музыкі “Званы Сафіі”.

Канцэрты адбываюцца па выходных днях, а сам фестываль працягнецца да 26 лістапада. Тут ужо выступілі арганісты – з Германіі Нікалай Гершак і з Польшчы Юзаф Катовіч.

Нямецкі арганіст з Фрыдрыхсхафена Нікалай Гершак

Абодва гэтыя арганісты ўзялі ўдзел у полацкім фестывалі ўпершыню, кажа адна з арганізатарак фестывалю, арганістка Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая:

– У нас шмат новых імёнаў у гэтым фестывалі, гэта таксама была задача, каб нашыя аматары арганнай музыкі змаглі пазнаёміцца з новымі выканаўцамі. Таму што кожны арганіст, вось, напрыклад, у нас упершыню будзе граць арганіст са Швецыі, і кожны нясе, па-першае, сваю інтэрпрэтацыю вядомых твораў, а па-другое, граюць сваю музыку, і гэта вельмі цікава.

На бліжэйшыя выходныя таксама запланаваны канцэрт – 12 лістапада ў Сафійскім саборы грае расейская арганістка Анастасія Быкава, разам з ёй выступіць расейская скрыпачка Тамара Ягорава.

Усе канцэрты праходзяць з аншлагам.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара