Зянон Пазьняк прэзентаваў факсімільнае выданне кнігі Аўгена Калубовіча
31 студзеня ў грамадскай зале Сабора Кірылы Тураўскага ў Брукліне спадар Зянон Пазьняк прэзентаваў факсімільнае выданне кнігі Аўгена Калубовіча „Мова ў гісторыі беларускага пісьменства”.
Кніга распавядае пра тое, колькі набыткаў і каштоўнасцяў мела спрадвеку беларуская кніжная культура. Гэта зборы, бібліятэкі, якіх у Вялікім Княстве Літоўскім налічваліся сотні: пры манастырах, княжскіх маёнтках, магістратах, яны захоўвалі сотні тысяч кніг і рукапісаў, беларускіх і з усяго свету. А таксам у кнізе напісана пра тое, як па-варварску, паслядоўна, спачатку расейскай імперыяй, затым бальшавікамі ўсё гэтае багацце нішчылася, спальвалася, рабавалася і вывозілася ў музеі Масквы і Санкт-Пецярбурга.
„Гэта адна з тых кніжак, якія выварочваюць душу ад крыўды на жорсткасць гісторыі, прымушаюць моцна біцца сэрца, і попел пакаленняў стукае ў скронь”, – піша спадар Пазьняк у прадмове да выдання, тым самым заклікаючы чытача ведаць і памятаць пра страчаную спадчыну, берагчы і захоўваць тое, што яшчэ маем.
https://www.youtube.com/watch?v=RribV5RZrw4