З’явіўся гід па інтэлектуальнай спадчыне Міхала Анемпадыстава



Лятучы ўніверсітэт прадстаўляе гід па інтэлектуальнай спадчыне Міхала Анемпадыстава. Эсэ, артыкулы, інтэрв’ю даюць магчымасць разам прайсці па складаных пытаннях, убачыць у простым і побытавым падставовае і высокае, рушыць з глыбіні стагоддзяў у няпэўную і ўяўную будучыню.

Aniempadystau_Michal_2012-1024x484.jpg

«Уяўляючы Беларусь» – так можна было б назваць увесь творчы і інтэлектуальны шлях Міхала Анемпадыстава. З яго вершаў, вобразаў, графікі і ўяўленняў паўставала тая Беларусь, якую зараз мы знаходзім як свой дом, як крыніцу для моцы і новых крокаў.

Даследчык, дызайнер, фатограф, графік, паэт, публіцыст Міхал Анемпадыстаў найперш вядомы «Народным альбомам» і сваімі мастацкімі вобразамі і стылем.

І да канца нерасчытанным застаецца даследчык і мысляр Міхал Анемпадыстаў.

Як зразумець, дзе пачынаецца і сканчаецца беларуская культура і ці трэба ўвогуле вызначаць гэтыя межы? Як можа існаваць традыцыя сёння і ў якой форме яна будзе працаваць на сучасную ідэнтычнасць? Што можна ўбачыць і пачуць, калі толькі затрымаць свой позірк, дакрануцца да рэчаў і ўглядзецца ў іх сутнасць? Можа мы зможам там убачыць сябе. Можа, мы зможам там знайсці кропку апоры, каб «уявіць Беларусь».

MichalAniempadystau_Guide.png

Як творца, ён меў неверагодную здольнасць пераасэнсоўваць беларускую традыцыю, перакладаць яе ў сучасны кантэкст, рабіць ужывальнай і чытэльнай «тут і цяпер». Спалучыць мінулае і, будучыню ў гарманічным канцэпце. Вытанчана пераствараць простыя рэчы ў светаглядныя і мастацкія ідэі.

Яго даследаванні прасякнутыя паэтыкай і рытмам, іроніяй і тонкімі дэталямі. А вершы насычаныя філасофскім роздумам і дакладнымі фармулёўкамі.

Два гады таму Міхала Анемпадыстава ня стала. Лятучы ўніверсітэт прапануе гід «Міхал Анемпадыстаў. Інтэлектуальная спадчына» Пераходзьце па спасылцы вывучайце ды натхняйцеся!

budzma.by