Былое мястэчка са слаўнай гісторыяй
Былое мястэчка Куранец (Вілейскі р-н Менская вобл.) мае слаўную і багатую гісторыю. Упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1355 г.
У 19 ст. большую частку насельніцтва складалі менавіта габрэі. Частка габрэйскага насельніцтва Куранца была з любавіцкіх хасідаў. Асноўнымі заняткамі Куранецкіх габрэяў былі рамёствы і гандаль. У сённяшнім аграгарадку ў 19 ст. праходзілі вялікія ярмаркі.
Халакост падчас ІІ Сусветнай вайны не абышоў Куранец. Большая частка габрэяў была расстраляна ў мясцовым гета, частка вывезена і забіта ў Вілейскім гета.
У Куранцы нарадзіўся Ганаровы грамадзянін Іркуцка, стваральнік неўралагічнай школы, прафесар Хаім-Бер Гершанавіч Ходас.
Пасля 1921 г. Куранец апынуўся ў складзе міжваеннай Польшчы. Калі прадстаўнікі польскай улады хавалі жаўнераў і афіцэра, забітых у савецка-польскай вайне, знайшлі рэшткі шкілетаў 18 чалавек і металічны абраз. Парэшткі закапалі.
Але мясцовыя чулі пра пахаваных паўстанцаў блізу касцёла. Пан Трубач, якому не давалі спакою гэтыя невядомыя 18 чалавек, даведаўся ад жыхара вескі Зімодры Адама Бурачэўскага, якому на той момант было 80 гадоў, што ў 1863 г. ноччу сюды прывезлі целы паўстанцаў, што былі забітыя ў сутычцы каля вескі Любкі.
Тагачасны плябан мястэчка пахаваў паўстанцаў у прысутнасці Бурачэўскага на могілках каля касцельнага алтара.
У 1920 г. на магілы паставілі драўляныя крыжы. У 1930 г. крыжы замянілі на больш трывалыя і зрабілі бетонныя надмагіллі.
Было вырашана паставіць і помнік паўстанцам. 18 ліпеня 1930 г. падмурак помніка быў асвечаны. Будаваць помнік скончылі праз месяц. Прафесар Петр Германовіч, скульптар, яго вучні працавалі дабрачынна. Сродкі патрэбны былі толькі на будаўнічыя матэрыялы.
21 жніўня помнік быў гатовы: 9 метраў вышыня, 6 метраў – шырыня пастамента. Помнік быў зроблены ў барочным стылі. Унізе, каля падножжа крыжа, на калоне сядзеў арол, пад якім быў надпіс “1863”.
22 жніўня 1930 г. было ўрачыстае асвячэнне біскупам Уладзіславам Бандурскім помніка паўстанцам 1863 г.
Да нашагу часу помнік не захаваўся. У 1939 г. прадстаўнікі савецкай улады яго разбурылі. Застаўся толькі пастамент. Але зараз і яго не стала.
Валун з шыльдай, на якой выбіта першая дата ўпамінання ў летапісных крыніцах былога мястэчка Куранец.
Брацкая магіла ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гг. пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага. Знаходзяцца на прыкасцельных могілках. Побач з магіламі знаходзіўся і помнік паўстанню 1863 г. Пасля аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі Саветы разбурылі помнік у канцы 1939 г. Ад яго застаўся толькі пастамент, з якога зрабілі кветніцу. Зараз няма і пастамента. Брацкая магіла з помнікам задумваліся як сімвал смутку па загінулых і як даніна памяці землякам, якія бралі ўдзел у паўстанні. Па гэтай прычыне помнік і паставілі на канцы вескі (у той час) і на ўскрайку былога Полацкага гасцінца, каб было бачна ўсім, хто ехаў па дарозе.
Крыж на магіле аднаго з паўстанцаў з надпісам “18 паўстанцаў 1863 г.”. Першапачатковыя драўляныя крыжы былі заменены, з’явіліся і бетонныя надмагіллі.
Магіла Януша Чорнага Галоўны (1890-1935).
Былая габрэйская архітэктура.
У былым мястэчку захавалася шмат шыкоўнай драўлянай архітэктуры, аздобленай ліштвамі, аканіцамі, на некаторых дамах есць франтоны. Адзін з прыкладаў драўлянай архітэктуры ў Куранцы.
Наш суразмоўца Сямён Шуберцій мае сто гадоў. Вельмі знаны доктар, да якога ехалі лячыцца не толькі з Вілейскага раёна.
Зубры на плоце адного з дамоў.
Мясцовая жыхарка ў сваім доме. Былы габрэйскі дом.
Яшчэ адзін прыклад драўлянай архітэктуры ў былым мястэчку – дом з аканіцамі.
Уля Шубзда, Ганна Шарэнда, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Краязнаўча-турыстычную перадачу «Уздоўж падзеленай Беларусі» слухайце на нашых хвалях у 11:20 і 21:35 па польскім часе, па беларускім на гадзіну пазней. З 09 па 27 ліпеня ў кожны будзённы дзень. 30.07 – завяршальная перадача.