Быць у большасці



Быць у большасці – што гэта значыць? Пакуль не прыехалі ў Сербію, адказ на гэтае пытанне быў прыблізна такі ж складаны, як у песні Аляксандра Памідорава, які спявае: Быць беларусам, што гэта значыць (…) Цяжка патлумачыць. Калі пачаў сабе ўяўляць, як гэта быць большасцю, з’явілася другое пытанне. Чаму не адчуў сябе ніколі ў большасці,  будучы ў Беларусі…? Тут аднак не час і месца высвятляць  гэтае пытанне, таму засяродзімся на апошніх уражаннях, якія прыйшлі ў час праваслаўнай Пасхі і часу падрыхтоўкі да яе ў Бялградзе. Я адчуваў сябе адным з тых, хто святкаваў разам са мной, а я разам з імі ўсімі. Паколькі ўсё дзяцінства прыходзілася чакаць сваіх, „другіх святаў”. Калі большасць маіх сяброў сядала да святочнага сняданку, я ля тэлевізара чакаў моманту, калі ўжо з імі можна будзе пагуляць на панадворку.

У Беластоку праваслаўныя святы перажываеш, будучы ў меншасці, але ўжо ў Гайнаўцы ў час Калядаў ці Вялікадня час крыху прыставаў, бо і большасць святкавала, але такая Гайнаўка была выспай, у Сербіі зусім другое адчуванне.

Sawa

У Бялградзе першы, каталіцкі, Вялікдзень прайшоў незаўважна. Не адчувалася чакання на «свае святы», бо каляндар бяжыць толькі адным рытмам.

Вербніца – гэта свята перадусім дзіцячае. Наймалодшыя прыхаджане заходзяць у суботні вечар у царкву са званочкамі на шыі, абавязкова на стужцы з нацыянальнымі колерамі Сербіі.Мабыць ёсць і іншыя, але мы такіх не бачылі. Дзяўчаты – ў вяночках. Званочкі звіняць, дзеці смяюцца, а гэты прыемны гоман, спалучаны з малітвамі, стварае атмасферу радасці. Ёсць і крэсны ход вакол царквы, у час якога гук маленькіх дапаўняюць вялікія царкоўныя званы. У канцы ўсе атрымліваюць вярбу, з якой паяўляюцца ў царкве ў нядзельную раніцу.

zvanoczki

Далей нібыта шмат адрозненняў няма, у Вялікі чацвер чытаецца дванаццаць фрагментаў Евангелля, у пятніцу выносіцца на сярэдзіну царквы Плашчаніца. Як цікавінку варта дадаць, што знаходзячыся ў гэты час у Бялградзе, маеце ўнікальную магчымасць пакланіцца Плашчаніцы ў патрыяршай царкве, у будынку патрыярхату, што знаходзіцца па другі бок вуліцы ад бялградскага сабору. Гэта адна з некалькі нагодаў у годзе, каб паглядзець таксама месца, дзе праходзяць саборы біскупаў ды выбіраецца сам Патрыярх. Заходзім туды звычайна, без званкоў, без ахоўнікаў, як ў звычайна даступнае грамадзянам месца.

У Вялікую суботу на Беласточчыне гаспадыні ці джэнжэр гаспадары рыхтуюць кошыкі з кілбасой, яйкамі, мазуркамі, соллю ці, ў залежнасці ад рэгіёну, яшчэ з чым-небудзь. Гэтыя кошычкі  нясуць звычайна ў царкву, каб асвяціць і з гэтага пачаць вялікодны сняданак. У Бялградзе такой традыцыі не практыкуецца, на вялікі жаль нашага сына, які прывёз з сабой у Бялград адмысловы кошык. Але роспачы не было, бо навокал мноства чырвоных яек, паўсюль фарбуюць іх у цыбульніку, таму і лупінкі больш цвёрдыя ды эмоцыі ў час бітак большыя. Але пакуль прыйшоў момант праверкі, людзі, як і ў нас, падаліся на галоўнае набажэнства, якое пачынаецца перад поўначчу.

Мы падаліся ў адну з найбольшых праваслаўных цэркваў у свеце – Святога Савы, апынуліся ў моры людзей, бо на гэты раз менавіта там можна было сустрэцца таксама са Святым агнём з Іерусаліма, каб пасля забраць яго з сабой дахаты.

https://www.youtube.com/watch?v=xE_AVmbPm-c

Гэтыя ўрачыстасці трансляваліся на нацыянальным тэлебачанні, так як і ранішняя літургія з Сабору, з удзелам Патрыярха Ірынея.

І якраз на гэтай, другой ужо па ліку літургіі, чырвоныя яйкі раздаюцца ўсім удзельнікам, якія таксама прыносяць і свае, дораць іх сустрэтым сваяком, сябрам, знаёмым, дзецям і канешне гуляюць у біткі, а затым ядуць, што і з’яўляецца першай стравай пасля прычашчэнія, да якога прыступае амаль цэлая царква.

jajki

Пасля разыходзяцца па дамах, кватэрах, падаюцца на сямейныя абеды, дзе на сталах знаходзяцца  адмысловыя стравы, характэрныя для Балканаў, абавязковая ягняціна.

На такі пачастунак, дзякуй добрым людзям, і мы патрапілі нашай сям’ёй, дзе прыемна правялі час і пачалі думаць, якое з нашых уражанняў ці наведаных месцаў стане тэмай для чарговага расказу.

Радэк Дамброўскі і Іло Карпюк, Беларускае Радыё Рацыя, Бялград