Дом омлядінэ
Музычная праграма, кіно, праекты візуальнага мастацтва, тэатральныя прэм’еры ды месца для дэбатаў – усё гэта змяшчаецца ў незвычайным доме ў цэнтры Бялграду. Дом омлядіне – гэта маладзёжны цэнтр культуры, які працуе ўжо паўстагоддзя. Для Драгана Амброзіча гэта месца, ў якое падаўся на сваю першую дыскатэку, а сёння ў гэтым прэстыжным месцы адказвае за мастацкую праграму, як яго праграмны кіраўнік.
(1)
Гэта частка традыцыі ў бялградскім культурным жыцці. Працаваць тут – гэта безумоўна аграмадны прывілей для любой асобы. Перш за ўсё таму, што даеш ад сябе нешта грамадству і працуеш дзеля грамадства. З другога боку тут трэба выконваць адпаведныя прафесійныя стандарты, так як і ў іншых установах, арганізаваных горадам. Прафесіяналізм – гэта нашая мэта і незалежна ад іншых пастаянна павышаем стандарт сваёй дзейнасці, а дзякуючы таму, што некалькі гадоў таму прайшлі рэканструкцыю, зараз можам прапанаваць якасную, прафесійную абслугу кожнаму замежнаму выканаўцы, як і аўдыторыі.
Прэстыжнае месца, у якім зараз працуюць тры сцэны, галерэя, дыскусійны клуб – гэта месца, у якім супрацоўнікі могуць развіваць свае арганізатарскія таленты. Аднак перш за ўсё і з самага пачатку дзейнасці ўстановы адыгрывала яна не толькі важную культурную, але і грамадскую ролю.
(2,2а)
Дом омлядіне быў заснаваны ў 1964 годзе, а ў канцы 60-тых гадоў стаў у Бялградзе домам для рок-н-рольнай сцэны. З гэтага часу шмат увагі надавалася альтэрнатыўнай культуры. Гэта быў дом для розных ініцыятываў, першая ініцыятыва па правах чалавека стварылася яшчэ ў 1974, тут завязаліся і некаторыя апазіцыйныя партыі. Таксама сёння надзвычай важнае для нас, што маем пакой для дыскусій і цэлую праграму грамадскіх дэбатаў, бо гэта платформа для абмяркоўвання ўсіх найважнейшых праблемаў сённяшняга дня, цікавых грамадству, а асабліва маладым людзям.
Альтэрнатыўная культура – гэта важная частка працы цэнтра. Дом омлядінэ можа развівацца сур’ёзна і пастаянна, дзякуючы таму, што яго дзейнасцю кіруюць асобы, непасрэдна звязаныя з найважнейшымі культурніцкімі праектамі ў краіне. Вельмі важнае таксама веданне гістарычнага кантэксту гэтай частцы Еўропы.
(3)
Югаславія надалей існуе як культурная сцэна. Альтэрнатыўная культура не страціла сувязі за 90-тыя гады і 2000-я. Я асабіста яшчэ ў 80-тыя вёў часопіс пра музыку, а ў 90-тыя прывозіў у Сербію замежных артыстаў. Пасля 2000 году заангажаваўся, што цягнецца да сёння, у найбольшы ў гэтай частцы Еўропы міжнародны EXIT фестываль, складаю праграму галоўнай сцэны. З’яўляюся на штодзень аўтарам мастацкай праграмы Дома омладіне, але тут таксама не толькі запрашаем замежных выканаўцаў, але ладзім шматбаковае супрацоўніцтва з Люблянай, Загрэбам, Сараевам, Скоп’е, Будапештам. Прэзентуем таксама тое, што цікавае ў культурным жыцці іншых гарадоў Еўропы, як Амстэрдам, Берген, Дублін і іншыя. Нашая мэта – гэта прасоўванне стандартаў Еўразвязу на нашай сцэне, таксама таму, каб разумець як нам трэба працаваць, калі станем часткай Еўразвязу.
https://www.youtube.com/watch?v=jWQS1cWdugA&feature=youtu.be
Дом омлядінэ – сапраўды сучасны цэнтр культуры, але цікавяцца яго прапановамі не толькі з-за гістарычнага бэгграўнду, але перадусім з увагі на шматбаковую дзейнасць. Тут ладзяцца адны з самых важных фестываляў у краіне, у тым ліку Бялградскі джаз фестываль. Але апрача вялікіх мерапрыемстваў маладзёжны цэнтр культуры – гэта таксама штодзённая праца для і з маладымі людзьмі.
(4,4а)
Маем тут вельмі стымулюючую атмасферу, дзякуючы чаму маладыя людзі ў змозе квітнець, развіваючы свае ідэі, знаходзіць сваю тоеснасць. У нас таксама свой псіхолаг, гэта валанцёры-прафесіяналы, даступныя кожны дзень. Гэта істотнае ў сэнсе нашага месца ў грамадстве. Маладыя людзі каб ідэнтыфікаваць свае праблемы ў змозе прыйсці інкогніта. Не трэба ісці ім у шпіталь ці распытваць сяброў на панадворку, тут знойдуць дапамогу прафесіяналаў, а тыя акрэсляць, з якімі праблемамі яны змагаюцца. Гэта наш спосаб як наблізіцца да грамадства. Даем магчымасць людзям быць тым, кім яны ёсць, нават праверыцца ў тым, кім яны стануць у будучыні, гэта таксама місія маладзёжнага цэнтра культуры.
Як падкрэслівае Драган Амброзіч, цяжка знайсці другую такую установу, дзе так шырока вядзецца грамадская праца з адначасовай распрацоўкай буйной мастацкай праграмы. Дом омлядінэ цалкам незвычайная ўстанова, паводле многіх бялградцаў – культавая. Пакуль яшчэ не прадстаўлялася там беларуская культура, але магчыма нашая сустрэча стане штуршком, каб звярнуцца і ў яе бок. А зараз праходзіць там 4-я эдыцыя фестывалю World music пад назвай Тодо мондо, на які намерваемся заглянуць.
Для Беларускага Радыё Рацыя Ілё Карпюк і Радэк Дамброўскі. Бялград.