Мог бы стаць другім Нясвіжам



Клецк, Клецак, так яго называюць мясцовыя, вядомы з 12 ст.

У 16 ст. тут жыў і працаваў Сымон Будны. Менавіта ў Клецку беларускі асветнік працаваў над сваім “Катэхізісам”. Гэта была першая беларускамоўная кніга, выдадзеная на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Клецк і Клецкі раён непарыўна звязаны з двума слаўнымі беларускімі родамі: Радзівілаў (слуцкая лінія, потым перайшлі нясвіжскай) і Вайніловічаў.

Радзівілімонты, зараз Красная Звязда, вядомыя тым, што некалі тут знаходзіўся шыкоўны палац Радзівілаў. Перабудаваны наноў (1780-1783 гг.) італьянскім архітэктарам Карла Спампані, якога запрасіў  Мікалай Юзэф Радзівілам.

Летняя рэзідзенцыя Радзівілімонты ўяўляла сабой дом гібрыднага тыпу: знешнія сцены былі зроблены з дубу, а ўнутры яны былі каменныя.

Дзеці Мікалая Юзэфа памерлі малымі і спадчыннікам палаца стаў Людвіг Мікалай Радзівіл. Яго сын Лявон быў прыхільнікам Расейскай імперыі і быў сярод тых, хто дапамагаў падавіць паўстанне 1830-31 гг. Нашчадкаў пасля сябе не пакінуў і Клецкая ардзінацыя пераходзіць да Нясвіжскай.

На некаторы час Радзівілімонты сталі галоўнай рэзідзенцыяй Антонія Генрыха Радзівіла, паколькі Нясвіжскі палац пасля сумных падзей 19 ст. быў занядбаным. Асаблівым гонарам рэзідзенцыі з’яўляўся парк. Дрэвы ў парку захаваліся да нашага часу, многім з іх больш за 200 гадоў.

У пачатку ХХ ст. (1909 г.) у Радзівілімонтах адбыўся пажар, падчас якога моцна пацярпеў палац. З цягам часу яго адбудавалі.

У міжваенную Польшчу Альбрэхт Радзівіл заснаваў тут кансервавы завод, на якім выпускалі агуркі. У 1939 г. сюды прыходзіць савецкая ўлада. І вёска Радзівілімонты становіцца Краснай Звяздой.

У 1921-1939 гг. мяжа паміж СССР і міжваеннай Польшчай праходзіла між вёскамі Макраны і Кунцаўшчынай. Гэтыя вёскі належылі роду Вайніловічаў.

У 19 ст. Ксаверый Вайніловіч у сваім маёнтку Кунцаўшчына пачынае будаваць спіртзавод, які стане адным з самых буйных у Мінскай губерні.

У сядзібе Вайніловічаў была шыкоўная бібліятэка, калекцыя жывапісу (у наяўнасці былі ўсе партрэты макранскай лініі Вайніловічаў).

Падзеі 1921 г. змянілі жыццё ў фальварку. Рыжская мірная дамова падзяліла фальварак Вайніловічаў на дзве часткі: Макраны засталіся на савецкім баку, а Кунцаўшчына ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай.

Язэп Вайніловіч, пахаваўшы свайго бацьку Ксаверыя ў Варшаве, разам з жонкай едзе назад на радзіму – Кунцаўшчыну.

Да мяжы з БССР ад Кунцаўшчыны было 500 метраў. Язэп Вайніловіч бачыў як у родных Макранах зносілі іх сядзібу, у якой вырас ён і яшчэ некалькі пакаленняў Вайніловічаў. Бачыў як пілі дрэвы з парка, які закладвалі яго продкі. Назіраў як прадстаўнікі савецкай улады разбіраюць званярню Георгіеўскай царквы, якую будаваў яго дзед. У 1930 г. саслалі святара Васіля Шылавіча ў ГУЛАГ, а з царквы зрабілі млын. Бачыў як нішчылі і руйнавалі радавы пахаванні, але нічога зрабіць не мог.

Пасля аб’яднання Беларусі ў 1939 г. Язэп з жонкай не сталі з’язджаць у Польшчу, а засталіся ў сябе ў роднай Кунцаўшчыне. У 1940 г. Язэпа Вайніловіча арыштоўваюць як “сацыяльна небяспечнага элемента” і высылаюць у адзін з сібірскіх лагероў.

Да жонкі Язэпа Ганны Вайніловіч савецкая ўлада не паспела дабрацца – пачалася вайна. Па афіцыйнай версіі, яна была забіта марадзёрамі 19 лістапада 1942 г. у сябе дома. Дом пасля гэтага спалілі партызаны. Мясцовыя жыхары расказваюць другое: Ганна Вайніловіч была забіта саветамі, прычым вельмі жорстка. Яе цела знайшлі блізу дарогі і пахавалі мясцовыя.

 У верасні гэтага года ў Клецку пройдзе канферэнцыя “Беларусь, Клецкі край і Эдвард Вайніловіч” (21 верасня 2018 г.).

Вось, што бывае з тымі, хто шмат пляткарыць. г.Клецк

Прызнанне ў любові да роднага горада.

Рэшткі былой велічы Радзівілімонтаў.

Сцены летняй рэзідзенцыі Радзівілаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны сядзіба была цалкам захавана і выкарыстоўвалася як склады. Пасля вайны тут знаходзілася кіраванне саўгаса. Потым будынак выкарыстоўваўся як школа і мясцовы клуб.

Былы шыкоўны палац, пабудаваны Карла Спампані ў стылі класіцызму.

Сцены кансервавага заводу, створанага Альбрэхтам Радзівілам. Завод быў створаны ў 1934 г., працаваў і ў савецкі час. У наш час увесь былы комплекс Радзівілімонтаў стаіць практчына закінуты.

Крыж у гонар паўстанцаў 1863-64 гг. на шашы з Заастравечча на Морач (Клецкі раён). Першапачатковы драўляны крыж быў пастаўлены ў 1937 г. Ставілі як памяць пра 40 паўстанцаў, пад камандаваннем Антона Санковіча. Паўстанцы былі забіты падчас бітвы з рускімі ў суседняй з Заастравеччам вёскай – Пчальнікамі. У 1993 г. стары крыж быў заменены на новы драўляны. Зараз стаіць жалезны.

Прыдарожная капліца ў в. Узнога Клецкага раёна. У гэтай вёсцы нарадзілася і ўдзельніца вывозвольна-нацыянальнага паўстання 1830-31 гг., пісьменніца Ева Фелінская. Была саслана ў Сібір.

Распяцце Ісуса Хрыста з церновым вянком на галаве ва Узножскай прыдарожнай капліцы.

Будынак былога спіртзавода, які належыў роду Вайніловічаў. в.Кунцаўшчына Клецкі р-н. У пач. ХХ ст. спіртзавод Вайніловічаў быў адным з буйнейшых заводаў у Менскай губерні.

Ініцыялы Ксаверыя Вайніловіча (Х.W.) і герб рода Вайніловічаў “Сыракомля”, налічвае больш за чатырыста гадоў. 1906 г. – год, калі будынак быў пабудаваны.

Сучасны выгляд былога фальварка Вайніловічаў.

Рэшткі сцен гаспадарчых пабудоў. Магчыма, сцены хлява, дзе стаялі каровы нямецкай пароды.

Шыльда на былым доме эканома сведчыць, што гэта гісторыка-культурная каштоўнасць. Прычыненне шкоды якой караецца законам.

Давыдчык Ганна і Бірук Таццяна, мясцовыя жыхаркі Кунцаўшчыны.

Распяцце Ісуса Хрыста ў капліцы на тэрыторыі царквы Казанскай іконы Божай Мацеры. Распяцце драўлянае, зроблена згодна ўніяцкіх традыцый.

Царква Казанскай іконы Божай Мацеры, пабудаваная ў 19 ст., в.Кунцаўшчына Клецкі раён.

Магіла Ганны Вайніловіч, зверскі забітай саветамі (в.Дубнякі Клецкі р-н). За магілай даглядае Сарнацкая Казіміра.

Уля Шубзда, Ганна Шарэнда, Беларускае Радыё Рацыя