Падарожжа з Рацыяй – Дзённік Графамана. Украіна, Беларусь



padaroazRacyjaj

06.07.2013 Халяўная Украіна з музыкамі…

Халяўная тут, на жаль, не азначае бясплатная – Грузія скончылася, а тое, што без ужывання педаляў ;(…

За-за гэтых усіх часовых ды візавых дылемаў я праз 5 дзён праехаў 900 км (Адеса-Кіеў-Вінніца-Кіеў), з чаго на ровары не больш за 50 :(…

Ужо паспеў нават засумаваць за сапраўднай вандроўкай – але і тут не сумна была… З парому ў Кіеў я падабраў тых самых амерыканскіх музыкаў – Ізабэла, Джона ды іх нямецкага сябра Якуба…

Дарэчы, на трэці дзень параходнага жыцця высветлілася, што ў Ізабэла прадзед эміграваў з Чэхаў, а яго сям’я праз амаль стагоддзе жыцця ў Луізіяне не забылася на традыцыі ды мову продкаў – карацей кажучы моўны бар’ер знік і мы сталі размаўляць пра ўсе складанасці гісторыі краінаў Сярэдняй і Усходняй Еўропы, а таксама пра культуру, музыку ды ровары – аказалася ён таксама працаваў роварным кур’ерам… Мы на самой справе пасябравалі… Калі ўжо пра паром мова – ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ СПАДАРУ ВАЛЯНЦІНУ!!!! –  за дапамогу ў пераадоленні прастораў Чорнага Мора!!! Выехаўшы з парому, сустрэў раварыста з Польшчы, які выбіраецца ў другі бок: абмяняліся досведам і мапамі. Я перадаў кантакты сяброў ў Арменіі, ён напаіў мяне смачным пададэскім віно. Размова вельмі файная, але трэба ехаць – шукаць цягнік ды беларускую візу! Таму развітваюся з ім і з Джонам, і Стэфаняй, якія збіраюцца найкарацэйшым шляхам у Румынію…

 

Вітаемо на Украіне!

З порту ў Ільлічэўску да Адэсы трэба прапедаліць км 30 – усё неяк незвыкла пасля Каўказу – кіроўцы менш ветлівыя ды калі спытаць пра дарогу, дык часта не хочуць адказваць, а ў краме дык наогул быццам крыўдзяцца, што ты прыйшоў ды перашкаджаеш ў працы… Таму галоўнае для мяне ТРЭБА зноў хутка прывучыцца ПРЫВЯЗВАЦЬ ровар!!! Але нічога, усё роўна цікава – у Адэсе пад вакзалам чакаюць “мае” музыкі – як дамаўляліся – яны дабраліся спынам.

 

1ukrainaЗ парому на Кіеў паехаў на цягнік ;(, але затое з музыкай

Чакаюць ужо гадзіну, дык паспелі дастаць і гітару, і скрыпку ды падзарабіць на першае ўкраінскае піва… Каб унесці ровар да цягніка, трэба зняць кола ды закруціць яго ў нешта – добра, што ёсць мой неданамёт… Далей як звычайна – начны цягнік, піва, музыка, размовы, рыба, мёд ды сасіскі… А ў Кіеве ўжо чакае Павло – легедарны ўкраінскі сябра беларускай культуры – гэта той, які вывучаў бел.мову па тэкстах Н.Р.М., гэта ён заснаваў першы замежны фан-клуб гэтага гурта, гэта на даху яго дома піла піва ці не большасць беларускамоўных беларусаў.

7ukrainaПавло – самы вядомы ўкраінскі беларусафіл

Яго хата не адзін раз ратавала ад начлегаў на кіеўскім вакзале – ды ланшафт у ёй адпаведны для вандроўных музыкаў… Пасля хуткага застолля немца-амерыканца-чэхі выбіраюцца на Хрэшчатык, каб падзарабіць грошы на далейшую вандроўку, а я пазычаю ў Павло шорты (вы памятаеце, што ўсе мае падраныя) ды выпраўляюся ў беларускае пасольства – неяк так склалася, што і Пятро патрабуе візу ў сінявокую…

5ukrainaНа даху дома Павло ў Кіеве – гэта адно з легендарных месцаў сярод беларускіх студэнтаў

Пашанцавала – можна сказаць уклаў нагу ў дзверы якія зачыняліся… У сярэдзінне больш прыемна, чым спадзяваўся, – выстава, прысвечаная сотай гадавіне народзінаў Максіма Танка, ветлівы ахоўнік, ды чалавек з-за чорнай шыбы таксама ветлівы – глянуўшы на маю заяўку, адразу павёў размову па-беларуску… Ды галоўнае, аказалася, што візу мне зробяць на працягу гадзіны ды пачакаюць з закрыццём працоўнага дня пакуль я збегаю ў абменнік за патрэбнай квотай… “Ну што сказаць? Дзякуй Вам”, – калі нехта там чытае маю Графаманію перадайце падзякі ад Піатра ;).

 

6ukrainaПятро ўсё ж такі атрымаў візу

Вярнуўшыся да Павло, вырашылі адзначыць такую падзею бердычыўскім, на гэты час лепшым украінскім, півам! (Раней я сваім любімым півам называў іншыя ўкраінскія гатункі, але з часоў, калі іх выкупілі сусветныя магнаты, сталі там замест хмеля даваць розныя кукурузы ды рысы…), пры гэтай нагодзе неяк выпадкова зачынілі на гадзіну музыкаў на даху (яны зразумелі некаторыя моманты маёй вандроўкі…;).

Дарэчы, не зарабілі яны шмат ва ўкраінскай сталіцы, ды неяк не да спадобы ім вялікі горад, таму вырашылі рухацца ў бок румынскай мяжы. Я праз тыя дні вельмі з німі пасябраваў, вырашыў адвесці іх да слаўнага гораду Вінніца, там слёзна развітаўся.

2ukrainaКінатэатр “Радзіма” ў Вінніцы

3ukrainaЛаншафт кінатэатра “Радзіма” – прыгажуні выбіраюць паміж мушкецёрам ды чырвонаармейцам

 

4ukrainaСавецкія шафкі з ліманадам – праўда, ён смакам больш падобны на сродак для мыцця посуду

Пасля гэтага  вярнуўся ў Кіеў, дзе сядаю нарэшце на мой ровар ды выпраўляюся ў бок Палесся… Берасце – не спіце! Я набліжаюся! 😉

Песня на сёння…

…ну што гурт Джона Buffalo Death  ды народная музыка з берагоў Місісіпі на старафранцускай мове:

P.S. Насупраць Паўлавай хаты збанкрутаваў банк, дык распрадаюць там розныя рэчы па вельмі прывабных коштах – знайшлася там і чарговая фотакамера – “малпа” за 152 грыўні ды 20 копіёк…;).

_____________________________________________________________________________

11.07.2013 Берасце!!!!! 😉

 

pzr„Падарожжа з Рацыяй” ужо ў Беларусі. З гэтага моманту ўжо толькі на Захад.

Эх – канец падарожжаў прыходзіць, як смерць – зусім нечакана… Я вось хацеў Вам напісаць шмат пра дарогу з Кіева, пра няветлівых украінскіх прадавачак, пра Чарнобыльскую зону, пра закінуты горад, ды міліцыянта, які ў якасці хабару забраў дарагі мне кубак… Пазней яшчэ хацеў напісаць, пра вецер у твар, які несупыняўся ўсе тры дні вандроўкі праз Беларусь, і пра савецкія кавярні, дзе кліент адзін, а працаўнікоў дзесяць (але ж яны ўсе ветлівыя, ды беларускую мову добра ўспрымаюць)… Ах так, пра начлег на саломе – зноў я адчуў сябе, як герой кнігі Клімава „Шалом”…;) Ды пра апошняга майго каўчсэрфера – Людмілу з Пінска…

dudanowicz_belarus_img_1282Начлег, як у Клінава.

Пра гэта ўсё хацеў напісаць, але зусім нечакана з’явілася ЯНО….. БЕРАСЦЕ!!! Я на самой справе даехаў – гэтыя эмоцыі накрылі ўсё, што адчуваў ды перажываў раней, калі пабачыў шыльду гэтага горада, а таксама раварыстаў, якія выехалі мне насустрач. Эх, ёсць рэчы, якія на ніякія грошы не пералічыш…

dudanowicz_belarus_img_1258

dudanowicz_belarus_img_1291Кавярня „Палессе” ў Давыд-Гарадку.

dudanowicz_belarus_img_1322Рачны вакзал у Пінску.

dudanowicz_belarus_img_1362Берасце. Сустрэча з АлкаВелаКлубам.

Так, дзякуй Вам усім, што знайшлі час пачытаць маю графаманію! Асобна дзякуй тым, дзякуючы каму гэтая вандроўка змагла адбыцца:

Зараз увесь стадыён падымаецца, падымаем бел-чырвона-белыя сцягі, пляскаем у далоні (можна адначасова трымаць ды пляскаць 😉 Ды пасля кожнага прозвішча крычым Ура 😉

Дзякуй Беларускаму Радыё Рацыя!!!

Спадару Вапу!

Міколе Ваўранюку!

Юрыю Ляшчынскаму!

Дзіме Кармазіну ды Каці Жамчужнікавай, Мішы!

Усім хто выпраўляў мае памылкі!!!

Таксама вялікі дзякуй:

Спадару Валянціну Сяльвесюку!

Лукашу Скочылу!

Паўло Зыблюку!

Войтку Мразоўскаму!

Гюмры

Калі ёсць Берасце, дык мусіць быць і „Сцяна” 😉

P.S. А калі каму цікава паслухаць больш пра вандроўку – запрашайце на піва 😉

_____________________________________________________________________________

11.07.2013 Беласток

Польшча, Славакія, Венгрыя, Румынія, Балгарыя, Турцыя, Грузія, Арменія, Украіна, Беларусь – гэта не падрыхтоўка да экзамена па геаграфіі, а пералік краінаў, якія наведаў сабар нашага радыё Пётр Дудановіч.

dudanowicz_sam_0102

РР: Што ты адчуваеш пасля гэтай вандроўкі?

– Прыемна, што гэта адбылося. Шчыра кажучы калі ў Берасці сустрэў сябраў АлкаВелаКлубу на ўездзе ў горад, мы праехаліся з імі па вуліцах Берасця, я глядзеў і здзіўляўся, што калі выязджаў 18 траўня, мне падавалася, што яно далёка. 

РР: Як цябе сустракалі на межах, праз якія ты праязджаў?

Пётр Дудановіч: Сёння я пераязджаў беларуска-польскую мяжу праз адзіны пераход, праз які можна перасекчы мяжу. Давялося чакаць цэлую ноч, бо ён працуе з 9.00 да 21.00 гадзіны, пасля ён закрываецца і памежнікі ідуць спаць. Мне таскама трэба было знайсці нейкага “зубра”, які б прыкрыў мяне ад дажджу. З надвор’ем не пашанцавала, збіраўся пераночыць пад яблыняй, але пачаўся дождж. З раніцы дачакаўся памежнікаў, яны прыехалі. Бачна, што ім нудна на гэтым пераходзе, бо вельмі мала раварыстаў. Усе хацелі паглядзець мае торбы, дзе я дарэчы меў трохі грузінскага віна. Баяўся, што прычэпяцца да гэтага віна, столькі кіламатраў яго вёз, але ён толькі адкрыў і паглядзеў. Учора сябар даў кавалак сала на вячэру, якое сам саліў. Ён па-сяброўску адрэзаў мне добры кавалак, частку кога я не даеў увечары. Аказалася, што сала праз мяжу я не змагу правезці. Я два месяцы быў адрэзаны ад навінаў, нічога не ведаў. 

РР: Што было самым складаным у дарозе?

Пётр Дудановіч: Самым цяжкім было прымушаць сябе падымацца раніцай. Кожны вечар я ставіў свой будзільнік на чатыры гадзіны раніцы, але раней за восьмую рэдка ўставаў. 

РР: Як часта ты сустракаў людзей, якія табе дапамагалі?

Пётр Дудановіч: На жаль я не змагу іх усіх пералічыць. На самой справе добрых людзей вельмі шмат у кожнай краіне. Кожны дзень я сустракаў людзей, якія запрашалі мяне на каву, гарбату ці віно, а таксама запрашалі на начлег. Часта гэта былі людзі па коўчсерфінгу, а бывала, што проста з вуліцы.

РР: Чым такія вандроўкі могуць быць цікавымі іншым людзям?

Пётр Дудановіч: Такія вандроўкі ламаюць шмат стэрэатыпаў. Напрыклад, у цябе стварылася нейкае меркаванне пра немцаў, сустракаеш немца, а ён аказваецца іншым, ён аказваецца вельмі падобным да цябе. Наступным разам калі ты чуеш нешта дрэннае пра немцаў, ты ведаеш, як яно насамрэч. Таксама ты сустракаешся з новай рэчаіснасцю.

Дзякуй усім, хто знайшоў час і цярпенне, каб пачытаць маю графаманію.

dudanowicz_sam_0118

dudanowicz_sam_0115

dudanowicz_sam_0114

dudanowicz_sam_0107