Падарожжа з Рацыяй – Дзённік Графамана. Румынія



 

padaroazRacyjaj

25.05.2013 Buna Dimineata! Добрай Раніцы!!! 😉

 

З Румыніі яшчэ не пісаў, а “тушу” тут ужо чацвёрты дзень. Толькі сёння знайшоў я інтэрнэт…

padarozza_z_racyjaj_pakidaje_shenhen_zonuПадарожжа з Рацыяй пакідае Шэнгенскую зону

Ніяк не атрымоўваецца з планам – даехаў да Румыніі – 80 км ад мяжы ў горадзе Залаў, меў дамоўлены начлег па-каўчсёрфінгу. 20 кіламетраў ад мяжы зноў пачынаецца дождж – ён ужо цягнецца трэці дзень… Даязджаю ўвесь мокры, брудны (едучы ўскраінай дарогі, трэба выбіраць – або брудная вада ды сігналы кіроўцаў на праезднай частцы, або конскае гаўно на ўзбочыне), але з вялікім спадзябванням на душ ды гарачую гарбатку.

З хлопцам дамаўляюся каля гіпэрмаркату (чакаючы, адганяю першага жыхара Румыніі, які хоча грошай). Богдан прыязджае на машыне, у багажнік запіхвае мой ровар, – але кажа, што з “впіскай” не атрымоўваецца, бо бацька прыехаў, а ён не згодны, каб даваць начлег розным валацугам…

Едзім па горадзе, шукаючы танных гастэляў (мне нават падабаецца, бо ў машыне цёпла і рэчы паціху сохнуць). Калі ён прапануе, каб я пайшоў начаваць у гатэль за 20 еўра, я не вытрымліваю (лепш я гэтыя грошы праем, чым прасплю) – паехалі на вакзал!- кажу.

Там, адправіўшы хлопца дахаты, пайшоў у прывакзальны бар, дзе расклаў мокрыя рэчы, узяў па куфліку піва за 1 даляр. Даволі прыемна паразмаўляў з бармэнам, хаця ні аднаго агульнага слова не было…

Частуюць мяне ромам, каб сагрэўся, а калі закрываюцца, яшчэ кладуць мне ў заплечнік вялікую бутэльку піва на дарогу.

На вакзале, як на вакзале, кансэрва на вячэру з кавай з “банкамату”, ровар пры галаве, дакументы ў спальнік – рамонт камеры пакідаю на раніцу…

vakzau_zalauНачлег у Залаў

… раніцай бяруся за кола, але калі ўжо знятае і засталося знайсці дзірку ў камеры, зноў з’яўляецца альтэрнатыва – ісці шукаць вады, каб знайсці месца, дзе трэба паклеіць, ды пакінуць астатнія рэчы пад наглядам цыганскай тусоўкі, якая ўжо доўга сачыць за працэсам, ці пакласці абратна, ды кожныя км 20 надзмуваць кола… Перамог другі варыянт.

Па дарозе атрымоўваецца набыць мне новую камеру, але пакуль што еду на поўдзень на старай.

У горад Клуж-Напока заязджаю даволі выпадкова – хачу знайсці толькі турыстычную інфармацыю ды надыбаць халяўную мапу Румыніі (бо еду зараз на вельмі агульнай), мапу мне не далі, але горад уразіў – я даўно так не любаваўся ніякім горадам – ён здаецца выспай утульнай гарадской архітэктуры ў моры румынскай вясковай правізорычнай часовасці (якая мне таксама вельмі да спадобы)…

cluj1

clujКлуж-Напока

Вырашаю застацца тут на ноч – усё роўна трэба наладзіць кола…

У горадзе адбываецца фестываль – вялікую сцэну акупуе румынская папса, але недалёка на маленькім пляцы стаіць другая, малая сцэна, на якой прыемны ірландскі фолк – з таго, што разумею, з прамоваў паміж песнямі, хлопцы на самай справе з Ірландыі – пад гукі іх песень і засынаю на лаўцы…

 

 

cluj2

cluj_naczlehРовар раней прычапіў, а роварныя сумкі шчапіў і прычапіў да лаўкі

Уночы скралі ў мне толькі алей. Звычайны прадуктовы алей, які я набыў у нейкай польскай вёсцы, бо не было чым наалівіць ланцуг (спадзяюся яны выпілі яго…- а то менавіта зараз ён бы спатрэбіўся)…

Раніцай мяняю камеру, ды далей у шлях – дакладна на 1000 км вандроўкі, ды праз 20 ад выезду з Клужа прабіваю тую новую камеру, да наступнага гораду (20км) надзмуваю кожных 4-5 км…

liczylnikПершая тысяча км на лічыльніку

У горадзе роварнай крамы няма, але адзін малдаванін на рынку прадае мне камеры патрэбнага размеру – але аказваецца клапан там тоўсты, а ў коле дзірка тонкая…

Спрабую клеіць старыя камеры – каля гарадскога фантана – невядома адкуль з’яўлаюцца два хлопцы, каментуюць усё, што раблю, ды яшчэ ім вельмі патрэбнае ўсё, што маё, з-за гэтага ўсяго клапан зрываю выпадкова, на другой атрымоўваецца мне даехаць да мясцовага гіпермаркету, але там таксама патрэбнай камеры няма – трэба пашыраць дзірку ды запіхнуць малдаўскую камеру…

Тут зноў аднекуль з’яўляецца чувак, які вельмі хоча мне дапамагчы (больш перашкаджае – але аддаю яму на канец бляшанку фасолі ў якасці падзякі)…

Увечары нарэшце даехаў да горада Мэдяш, дзе з начлегам не падвялі – нарэшце душ, пральная машына. Гаспадар кватэры Флёрын, праўда, вярнуўся толькі дзень пазней, але пакінуў мне ключы ў суседзяў, ды перадаў, каб карыстацца ўсім, што ёсць, што патрэбна, – так цікава чалавек давярае хату зусім невядомай асобе…

Сёння толькі 50 км да амерыканца, які ў румынскіх гарах вядзе скаўцкую турбазу (цікава, што гэта за дзіва)…

А заўтра пераезд праз Карпацкі хрыбет, ды час ужо рухацца ў бок мяжы з Балгарыяй – Румунія прыгожая краіна (файна было б валодаць румынскай мовай), але ж Берасце яшчэ далёка….

P.S. Фоцік замок – таму фоткі будуць горшай якасці…;(

Выглядаюць трошкі, як з іншага вымярэння…

Песня на сёння – Zdob si Zdub – „Buna Dimineata”

* * *

26.05.2013

Даехаў я да вёскі Нокрых, у якой спыніўся у скаўцкім цэнтры, дзе ад трох тыдняў жыве Лекс – валанцёр з ЗША. Начлег каштуе тут праўда 10 леяў (3 даляры), але абяцаюць за гэта і пакарміць, і памыцца, і інтэрнэт ёсць…nocrich1Скаўцкі цэнтр у Нокрых

Нокрых – маленкая вёска, закладзена праз нямецкіх пасяленцаў у 18 стагоддзі, па іх засталася цесная забудова, ды прыгожая евангеліцкая кірха…

kircha

kircha4Евангеліцкая кірха

kircha1Гадзіннік у кірсе

Зараз тут 40 % цыганаў, з карчмы дабягаюць вясёлыя рыфмы румынскага мікса папсы ды народнай музыкі…

Добрае месца на адпачынак, ды падрыхтоўку да заўтрашняга пераезду праз хрыбет Мерыдзёналі (сёння ўжо бачыў заснежаныя верхавіны гор – спадзяюся дарогу павялі ніжэй, чым ляжыць снег) – увесь час думаю, дзе падзеліся доўгія штаны, якія я дакладна складваў у багаж…

Як пісаў, мой фоцік у “пралёце”, але дзякуючы Лексу маеце магчымасць пабачыць некалькі відаў з маляўнічай вёскі Нокрых…

nocrich

nocrich4

На сёння – песня з фільму “Трансільванія” – Тоні Гатліфа.

* * *

 

27.05.2013

Развітаўся я сёння раніцай са скаўтамі ды паехаў далей. Далей гэта добрае слова, таму што неяк пераглядзеў дарогу, якая павінна давесці мяне карацейшым шляхам…

Пазней зноў прабіў кола – гэтым разам задняе –гэта заўсёды мяне напружвае. Я з тэхнікай на Вы, а ў заднім жа яшчэ трэба пазней дастрайваць перадачы. Але пакуль што едзем далей…

У горадзе Сібю знайшоў гіпермаркет – усё ж не вырашыў ехаць у горы без камеры ў запасе, за адно купіў фотаапарат… Паколькі стары ніяк не хоча працаваць, а трэба ж неяк Вам паказаць хаця б нешта з таго, што тут мяне сустракае…

Таму зноў рызыкнуў надарваць бюджэт (што ж „…не адным хлебам, жыве чалавек”), ды набыў самую танную мыльніцу…

Горы аказаліся не такія страшныя як учора думаў. Уся дарога ўздоўж ракі без вялікіх пад’ёмаў, адзіная праблема, што дарога даволі шматмашынная, ды сабакаў ля дарогі процьма… Ты едзеш ды глядзіш, каб з аднаго боку сабака, які бярэцца невядома адкуль, не адкусіў табе нагі, а з другога, каб турэцкая фура не пераехала цябе разам з гэтым сабакам.

Зараз у Куртэа дэ Аргэс (Румынія – гэта такая малая Іспанія і па назвах, і па менталітэце людзей) сядзім з Эмілянам пры палінцы ды размаўляем пра цікавыя месцы ў Румыніі.

Эмілян, дарэчы, ужо некалькі гадоў запар кожныя выходныя выязджае ў нейкую цікавую частку Румыніі. Кажа, столькі ўсяго цікавага, што жыцця не хопіць, каб аб’ехаць хаця б гэтую адну краіну. Палінка дапамагае пераадолець моўны бар’ер. І Эмілян распавядае пра сваё роварнае падарожжа праз дэльту Дуная, пра чэшскія вёскі ў Румыніі, пра румынскія вёскі ў Сербіі ды шмат яшчэ цікавага…

[Not a valid template]

P.S.: Я патрапіў у румынскі палон – паставіў будзільнік на 7, а прачнулся толькі ў 12 ;(….

Карацей не спажывайце палінкі, калі Вам заўтра ў дарогу!!!

Дык песня на сёння Палінка Рэспублічка „Як Ты?” 😉

* * *

_________________

28.05.2013

Учора Эміліян вельмі запрашаў застацца яшчэ на адну ноч, маўляў, усё роўна праспаў…

Але я вырашыў ехаць – лепш праехаць хоць бы трошкі, чым увогуле нічога….

Яшчэ ён мяне папярэджваў, каб я не выбіраў дарогу, якую планаваў, бо там злыя сабакі ды дрэнныя цыганы (ён кажа, што ёсць цыганы добрыя і дрэнныя, ды што менавіта ўздоўж гэтай дарогі жывуць дрэнныя…). Не ведаю, ці ён даўно туды не ездзіў, ці проста хацеў напалохаць, проста я ехаў гэтай дарогай ды паветрам адчуваў, якія добрыя людзі тут жывуць….

Цыганаў у гэты дзень я не бачыў ні дрэнных, ні добрых, ды сабакі нейкія міленькія ў параўнанні з астатняй Румыніяй: ніводны не хацеў бегчы за мною, ніводны не хацеў адкусіць мне пяту…

А людзі… Кожы са мной вітаўся, усміхаўся… Адзін мясцовы каўдыр нават запрашаў мяне пераначаваць. Прапанова цікавая, але я, памятаючы апошнюю ноч з палінкай, усё ж такі адмовіўся.

Ад каўдыра праехаў я яшчэ кіламетраў 20 – разам за дзень атрымалася выцягнуць 100. Спыніўся каля мясцовага ўрада ў вёсцы Цтэфан цэл Марэ.Засынаў пад зорным небам. Тут, як у роднай вёсцы, цыркуны, птушкі, сабакі. Праўда, у роднай вёсцы няма столькі сабакаў. Такое ўражанне, што яны з’ехаліся з ўсяго раёна на своеасаблівы сабачы фестываль. Вось пад такую музыку я і заснуў. Сніліся чамусьці заўзятары Легіі Варшавы – не ведаю нават, гэта добры ці дрэнны знак (спадзяюся, яны не ўзялі Чэмпіянат Польшчы…).

Раніцай, як заўсёды, тэхнічныя праблемы: селі батарэйкі ў фоціку..;(

Ды вось прапусцілі Вы некалькі кадраў – за апошні лей, які я знайшоў дзень раней, заехаў на каву – у Румыніі ў кожнай вёсцы ёсць 2-3 прадуктовыя крамы, у якіх, як і ў Польшчы, мясцовыя мужыкі ад раніцы квасяць піва (2.5 – 3 леі – дзе 1 еўра – 4.2 лея), але перавага румынскіх крамаў над польскімі такая, што можна ў іх яшче папіць каву за 1 лей. Так заехаў туды, папіў кавы, паразмаўляў з каўдырамі пра маё падарожжа (ці лепш сказаць яны паразмаўлялі, я паўсміхаўся)…

[Not a valid template]

Ды, нарэшце, пасля тыдня я выбіраюся з гэтай Румыніі….

Mulțumescu Румынія, я вярнуся!!!

Слоўны запас, які я здабыў за гэты тыдзень у Румыніі (пішу ў транскрыпцыі, а то пісаць ніхто не вучыў):
Мультумэску – Дзякую
Дрэпт – Проста
Біцыкле камэра – Камера да ровара
Біцыкле магазін – Роварная крама
Норок – Будзьма

Песня на сёння KVĚTY – „Tulák” (Валачуга)