Падарожжа з Рацыяй – Дзённік Графамана. Балгарыя



padaroazRacyjaj

29.05.2013

Балгарыя!!!

Вось я, нарэшце, на Радзіме кірыліцы…

u_radzimie_kirylicy

amost_siabroustvaМост сяброўства – кажуць, што тут працавалі самыя скарумпаваныя мытнікі (яны яўна не рады таму, што гэта цяпер унутранная мяжа Еўразвяза)

 

recka_dunajРэчка Дунай

Усё неяк больш зразумела – усё ж славянская мова, прасцей, чым на маёй ангельска-румынска-польска-беларускай, але ўсё адно неяк яшчэ ўражанні ад Румыніі не адпускаюць…

Галоўнае заданне на Балгарыю – 2-3 дні. Спадзяюся, што ў суботу ўбачымся ў Стамбуле…

Эх, толькі ровар патрабуе лекара: задняе кола ўвесь час прапускае, падшыпнікі трэба тэрмінова мяняць, а то ўгару зусім не цягне. Спадзяюся, знайду нейкую майстэрню да Турцыі…

На Wi-Fi запраўцы выпіў 2 півы ды 2 кавы. Трэба ехаць у кірунку начлега 😉

dpiersaja_kava_u_balharyiПершая кава ў Балгарыі

 

naresce_wi-fi_dy_persaje_balharkae_pivaНарешце,  WI-FI ды першае балгарскае піва

* * *

31.05.2013

Гэты тур трэба назваць „тур-спазненне”, бо ад першага дня ўвесь час спазняюся… Спадзяюся гэта хутка зменіцца, а то не даеду да Берасця да кастрычніка.

Карацей пасля пераезду балгарскай мяжы, засядзеўся ў інтэрнэце на запраўцы (фоткі хоць і дрэнныя, але доўга грузіліся), пачало цямнець. Хуценька нешта купіў на вячэру, ды паехаў спаць у парк – па дарозе зноў прабіў кола.

Раніцай займаўся прабітым колам, але ад таго, што няма шчаплення, немагчыма было ехаць, знайшоў роварную майстэрню, дзе праўда давялося пакінуць шмат грошай, але атрымаў адрамантаваны ровар. Гэта было ў самы час, бо гораў па дарозе хапала.

Я вырашаю трохі змяніць маршрут ды паехаць праз Бургас, каб абмінуць вялікія горы, а таксама каб патрапіць на балгарска-турэцкі пераход у Малкім Тырнове.

З інтэрнэта я даведаўся, што ёсць два пераходы паміж гэтымі краінамі – адзін на галоўнай трасе Сафія-Стамбул, якая запоўнена фурамі і стомленымі турэцкімі гастарбайтэрамі, якія спрабуюць праехаць з Нямеччыны на радзіму. Кажуць, што яны вялікая дарожная праблема ўжо ў Сербіі, дзе пачынаюць засынаць за стырном, бо „сусед не даехаў, сусед суседа не даехаў, брат суседа не даехаў, але я…даеду”.

Я вырашыў абмінуць гэтае шчасце ды паехаць на меншы, як кажуць, спакойны пераход на поўначы.

Праўда не датрымаю слова з папярэдняга запіса – заўтра (у суботу) ніяк не даеду да Стамбула, засталося яшчэ з 300 кіламетраў. Маім тэмпам 2 дні – ужо не магу дачакацца, бо там чакае Пётр (паляк з каўчсёрфінга) з гарачым душам ды пральнай машынай (а тут ноч, дошч, ды WI-FI на запраўцы Лукойл).

Трошкі пабойваюся гэтай Турцыі – усё ж такі іншая рэлігія, традыцыі, звычаі, ды 1500 км праз адну краіну.

Калі мяне запісвалі для перадачы, я толькі пераехаў румынска-балгарскую мяжу, ды не змог нічога адказаць наконт розніцаў паміж гэтымі краінамі, але зараз пасля таго, як ад’ехаў ад памежнага горада Русэ, зразумеў, што розніца відавочная ўжо на дарозе.

У Румыніі праз кожы кіламетр стаіць дарожы слуп, на якім пазначана адлегласць да бліжейшага горада, у Балгарыі ты можаш ехаць і 20 кіламетраў, але не ўбачыўшы ніякіх указальных знакаў (добра, што лічыльнік ёсць). Дарогі тут пракладзены паміж населенымі пунктамі, як у Беларусі, а іх вельмі не шмат – прынамсі ў гэтай частцы, праз якую я ехаў, уражанне такое, што балгарскай вёскі наогул не існуе (ажно дзіўна, хто апрацоўвае, гэтыя бязконцыя палі).

Сёння два разы ўцякаў ад вялікай буры, а таксама бачыў некалькі мёртвых вужоў на дарозе (гэта трохі насцярожыла, бо я не ведаю, як адбівацца ад іх калі што, ды наогул, што рабіць, каб не прачнуцца з такім зверам у спальніку…? Бо неяк не хочацца…;)

Добра, сканчваю на сёння, а то супрацоўнікі запраўкі ўжо коса пазіраюць, ды трэба знайсці яшчэ дзе пераночыць у гэтую дажджлiвую ноч.

Ды калі Вам цікава, дзе я спыніўся на тую ноч, вось фоткі…

 [Not a valid template]

Узгадаў на Авантура-тур песню Помідорава, таму на сёння песня:

(па гэтай песні я вучыў беларускую…;)

Дабранач!

P.S. А ды прывітанне раверыстам з Гародні якія заўтра адпраўляюцца ў райд па Віцебшчыне!

* * *

01.06.2013 Малко Тырнова

Гэтае месца ўразіла настолькі, што я вырашыў прысвяціць яму асобны допіс…

Карацей, ад пачатку я ведаў, што Турцыя не танная краіна. Мае запасы з Польшчы – даўно гісторыя, а ў Балгарыі кошты даволі памяркоўныя, таму я вырашыў назапасіцца перад мяжой кансервамі з усякімі фасолямі, бобам, віном ды запаснымі камерамі да ровара (я ўжо нават меў у галаве складзены спіс, чаго ды колькі набуду, ды дзе гэта буду размяшчаць у саквах).

Бургас… Спрабаваў я яго абмінуць. Як ужо ведаеце не атрымалася. Нават на гэтых ускраінах крамаў шмат ды танных маркетаў хапае. Але ж да мяжы яшчэ кіламетраў 80, лепш набуду ў Малкім Тырнове, які на мяжы – усё ж такі раённы горад ды памежная зона, там дакладна шмат крамаў ды прыгранічны гандаль…

Па дарозе я і ўзрадаваўся, што адклаў рабенне запасаў, а то дарога даволі цяжкая – пад’езды хаця і не крутыя, але бясконцыя, дык яшчэ дадаць кілаграмаў дзесяць, гэта быў бы сапраўдны бой…

Пераадольваю чарговыя горы ды думаю: „Пайду напрыканцы ў нейкі барчык, паем свінога мяса перад уездам у мусульманскую краіну.” Ды дабраўся я нарэшце ў Малко Тырнова, у Мекку маіх мараў, у надзею майго страўніка…

 

…а тут не тое, што няма вялікіх крамаў, тут і абменнік у суботу не працуе (у кішэні заставаўся 1 леў).

Адзіная крама, якая працуе, – гэта «Сувеніры», у якой дзве сталыя жанчыны нудна чакаюць (не ведаю каго), праз плошчу нудна праходзіць мясцовы бацюшка, на ёй некалькі хлопцаў нудна заляцаюцца да мясцовых дзяўчат, якія нудна думаюць пра марожкі ў мясцовым рэстаране, у які яшчэ іх дзяды запрашалі іхнія бабулі.

Увесь настрой псуе толькі вялікая ўсмешка Бэкхама на рэкламе аднаго з банкаў… Карацей, калі існуе недзе край свету, дык гэта недзе недалёка Малкога Тырнова… (а мне ўсё ж цягне ў такія месцы…)

[Not a valid template]

Песня пра „згубны” план 😉

100 Tvarzy Grzybiarzy – „Plan zgubienia czapeczki”